Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Баранавічах адбылося пасвячэнне новазбудаванай святыні. 15 лістапада 2025 года ў мікрараёне "Тэкстыльны" ўрачыста пасвечаны касцёл Божай Міласэрнасці. Сімвалічна, што гэта адбылося напярэдадні свята Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай), з ушанаванням якой звязана гісторыя Касцёла на Баранавіцкай зямлі. Тэрыторыя цяперашняй парафіі ўключае тую частку горада, дзе сто год таму стаяла капліца Маці Божай, у якой маліўся будучы кардынал Казімір Свёнтэк. Ён меў асаблівую пашану да Найсвяцейшай Панны менавіта як Маці Божай Міласэрнасці. Пазней капліца была разбурана, але цяпер замест яе паўстаў новы касцёл.
У Слуцку падчас адбыліся святарскае пасвячэнне і ўрачыстасць з нагоды юбілею святыні. 7 лістапада 2025 года ў касцёле святога Антонія з рук Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага дыякан Аляксандр Лешчанка, францішканін, прыняў сакрамэнт святарскага пасвячэння. Гэта яго родная парафія, дзе ён пазней цэлебраваў прыміцыйную Імшу. 8 лістапада з удзелам Мітрапаліта і Генеральнага вікарыя архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага прайшло святкаванне 25-годдзя з моманту кансэкрацыі святыні.
У грэка-каталіцкім храме ў Полацку адбылася "Рэгіянальная стацыя" Юбілейнага года. 9 лістапада 2025 года Боскую Літургію ў юбілейным грэка-каталіцкім храме ўзначаліў архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі. У юбілейным святкаванні прыняў удзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які прамовіў святочнае казанне. Служба праходзіла напярэдадні ўспаміну святога Язафата Кунцэвіча. На ўрачыстасць прыбылі пілігрымы з Віцебска, Оршы, Мінска, Жупранаў. Удзельнікі юбілейнага святкавання – грэка-католікі і рыма-ктолікі – маліліся аб духу братэрства сярод хрысціян у Беларусі.
На ўрачыстасці святога Язафата Кунцэвіча біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў "шукаць тое, што нас яднае". 12 лістапада 2025 года парафія ў Сапоцкіне адзначыла адпустовую ўрачыстасць у гонар свайго нябеснага апекуна. Святую Імшу цэлебраваў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі ён адзначыў, што сёння важна прасіць Пана аб ласцы перамагчы ганарлівасць, амбіцыі і эгаізм і аб адвазе шукаць шляхі адзінства і міру. Біскуп заахвоціў будаваць мір у сем’ях, у месцах працы і вучобы, у парафіях, іншых супольнасцях і ва ўсім грамадстве. А праз заступніцтва святога Язафата – заўсёды шукаць "не тое, што падзяляе нас, а тое, што яднае".
Святога Губерта, апекуна паляўнічых, ушанавалі ў парафіях Беларусі з удзелам біскупаў. 8 лістапада 2025 года ў Заслаўі адбылося традыцыйнае набажэнства для паляўнічых і леснікоў, якое ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім і пробашчам парафіі ксяндзом Антоніем Клімантовічам, які сам захапляецца паляваннем і рыбалоўствам, маліліся мясцовыя паляўнічыя. У той жа дзень у Лепелі ўспамін святога Губерта адзначылі з удзелам дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Андрэя Зноскі. Тут сярод прысутных у касцёле паляўнічых большасць была праваслаўнымі вернікамі. Іерарх таксама благаславіў паляўнічых, іх сабак і транспартныя сродкі.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by, catholicnews.by, pinskdiocese.by і ўласнай інфармацыі.