Пошук

Абраз Францішка Смуглевіча "Беззаганнае Зачацце" і касцёл святога Віта ў Рыме Абраз Францішка Смуглевіча "Беззаганнае Зачацце" і касцёл святога Віта ў Рыме 

Паміж Мінскам і Рымам: абраз Беззаганнай з касцёла святога Віта

Старажытны касцёл святога Віта ў Рыме ўпрыгожвае абраз Беззаганнага Зачацця Панны Марыі, створаны мастаком Францішкам Смуглевічам. Яго рэпрадукцыю можна ўбачыць і ў адным з мінскіх касцёлаў – і на тое ёсць свае прычыны.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак Смуглевіч напісаў абраз на замову Айцоў Марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Твор прызначаўся для касцёла святога Віта ў Рыме, які меўся стаць духоўным цэнтрам гэтай кангрэгацыі. У выніку гістарычных перыпетый храм ужо не належыць марыянам, аднак яны і сёння шануюць абраз Багародзіцы, напісаны для іх заснавальнікам літоўскай і беларускай школ жывапісу. У 2017 годзе згадку пра гэту выяву, як пра адзін з важных знакаў уласнай тоеснасці, марыяне нават уключылі ў статуты свайго аб’яднання.

Смуглевіч у Рыме

Францішак Смуглевіч нарадзіўся ў 1745 годзе ў Варшаве. Больш як два дзесяцігоддзі – з 1763 па 1784 год – гэты польскі мастак жыў і працаваў у Рыме. Ён вучыўся ў прэстыжнай Акадэміі святога Лукі, прычыніўся да аздаблення Ватыканскай апостальскай бібліятэкі, палацаў заможных сем’яў, касцёла святога Станіслава, рабіў замалёўкі інтэр’ераў некаторых усыпальніц этрускаў у Тарквініі. Яго самым важным дасягненнем стала мастацкая дакументацыя роспісаў “Залатога дома” Нерона, якую ён правёў разам з італьянцам Вінчэнца Брэнам.

Амаль у саракагадовым узросце Смуглевіч вярнуўся на радзіму, а неўзабаве пераехаў у Вільню. У Віленскім універсітэце ён стварыў і ўзначаліў кафедру жывапісу і рысунка, дзе падрыхтаваў пакаленне мастакоў, якія пакінулі значны след у мастацтве Польшчы, Літвы і Беларусі.

Новы касцёл марыянаў

Абраз “Беззаганнае Зачацце” Францішак Смуглевіч стварыў за некалькі гадоў да свайго ад’езду з Вечнага горада. Як піша на афіцыйным сайце марыянаў брат Анджэй Манчынскі, твор ад самага пачатку прызначаўся для касцёла святога Віта, які гэта кангрэгацыя набыла ў 1779 годзе са згоды Папы Пія VI. Планавалася, што старажытны рымскі храм разам з прылеглым да яго кляштарам стане галоўнай сядзібай марыянскай супольнасці ў Вечным горадзе.

Касцёл святога Віта ў Рыме
Касцёл святога Віта ў Рыме

Касцёл святога Віта, першыя згадкі пра які сягаюць VIII стагоддзя, раней належаў цыстэрцыянскаму ордэну. Ад папярэдніх уладальнікаў над яго галоўным алтаром засталася выява святога Бернарда. Марыяне ж хацелі надаць свайму новаму храму больш выразны багародзічны характар. Мэта гэтай кангрэгацыі, заснаванай у 1670 годзе ў Рэчы Паспалітай святым Станіславам Папчынскім – распаўсюджванне ва ўсім свеце культу Беззаганнага Зачацця Панны Марыі. Абраз у іх новым касцёле павінен быў адлюстроўваць менавіта гэту тэалагічную тэму.

Беззаганна Зачатая

Спачатку святары замовілі твор у аднаго з рымскіх мастакоў, але той, узяўшы задатак на набыццё матэрыялаў, нечакана знік. Тады яны звярнуліся да свайго земляка – Францішка Смуглевіча, які пагадзіўся дапамагчы. Намаляваны ім абраз Беззаганнага Зачацця быў змешчаны над галоўным алтаром касцёла святога Віта ў снежні 1782 года.

Абраз "Беззаганнае Зачацце" Францішка Смуглевіча ў касцёле святога Віта ў Рыме
Абраз "Беззаганнае Зачацце" Францішка Смуглевіча ў касцёле святога Віта ў Рыме

“На гэтым абразе мы бачым Маці Божую Беззаганна Зачатую. Яна стаіць на зямным шары і топча галаву змея – гэта біблійны вобраз, які адсылае да Кнігі Быцця і Апакаліпсіса. Гэта тая жанчына, якая знішчае галаву сатаны. Жанчына, патомства Якой перамагае злога духа. Сатана найбольш з усіх стварэнняў баіцца Марыі, бо Яна адзіная з усяго стварэння, да каго ён не дакрануўся, да каго не дакранулася зло – Бог захаваў Яе ад гэтага. Дух Святы, Які сыходзіць на Яе ў вобразе белага голуба, азначае, што Яна ад самага пачатку была напоўнена Духам Святым, была цалкам чыстая – гэты дар Яна атрымала ад Бога”, - расказаў “Vatican News” айцец-марыянін Канстанцін Анашка, вікарый мінскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Страчаная спадчына

Гісторыя прысутнасці марыянаў у касцёле святога Віта была нядоўгай. У 1798 годзе Напалеон захапіў Рым і загадаў усім замежнікам пакінуць горад. Марыяне былі вымушаныя падпарадкавацца. У гэты старажытны храм яны больш ніколі не вярнуліся. Абраз жа застаецца там да сённяшняга дня. У 2021 годзе ён быў адрэстаўраваны. Цяпер выява знаходзіцца на бакавой сцяне храма. Поўная назва мясцовай парафіі – Санта-Марыя-Маджорэ-ін-Сан-Віта.

Інтэр'ер касцёла святога Віта ў Рыме
Інтэр'ер касцёла святога Віта ў Рыме

Знак тоеснасці

Нягледзячы на тое, што арыгінальная выява больш не належыць марыянам, члены гэтай кангрэгацыі ва ўсім свеце працягваюць яе шанаваць. На генеральным капітуле 2017 года згадка пра абраз была ўключана нават у статутныя дакументы кангрэгацыі. У раздзеле “Некаторыя знакі тоеснасці” сказана: “Няхай браты выкарыстоўваюць і захоўваюць знакі іх марыянскай тоеснасці, сярод якіх герб, дэвіз і гімн кангрэгацыі, ускліканне Immaculata Virginis Mariæ conceptio, sit nobis salus et protectio, шкаплер і медалік Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, абраз Маці Божай Беззаганна Зачатай, аўтарства Францішка Смуглевіча з касцёла святога Віта ў Рыме, а таксама антыфону Tota pulchra es”.

Паміж Мінскам і Рымам

Марыяне ў Беларусі таксама маюць пашану да рымскага абраза, створанага Францішкам Смуглевічам. У капліцы мінскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе служаць духоўныя сыны святога Станіслава Папчынскага, можна ўбачыць вялікую адаптаваную рэпрадукцыю гэтага твора.

Рэпрадукцыя абраза Францішка Смуглевіча "Беззаганнае Зачацце" ў капліцы айцоў-марыянаў у Мінску
Рэпрадукцыя абраза Францішка Смуглевіча "Беззаганнае Зачацце" ў капліцы айцоў-марыянаў у Мінску

“Гледзячы на гэты абраз, мы, святары-марыяне і нашы парафіяне, якія жывуць марыянскай духоўнасцю, удзельнікі Брацтва Беззаганнага Зачацця, прыпамінаем сабе, якую прыгожую, вялікую і магутную апякунку мы маем; які прыгожы падарунак Бог зрабіў Марыі і хоча зрабіць нам. Марыя свабодная ад першароднага граху, напоўненая Духам Святым – Бог Яе ачысціў. Бог мае план таксама і адносна кожнага з нас – Бог захацеў, каб кожны з нас быў, і Ён прагне ачысціць кожнага з нас, як і Марыю, напоўніць Духам Святым. Гэты абраз дае вялікую надзею, радасць і ўмацоўвае нашу веру і давер да Бога”, - падкрэсліў айцец Канстанцін Анашка.
 

08 снежня 2025, 13:30