Пошук

2025.12.04 istituto orientale

Будслаў у Рыме: тэалогія беларускай пілігрымкі

У Рыме прэзентуюць унікальны досвед Будслаўскага фэсту як прыклад трансфармацыі чалавека праз малітву і шлях, прызнаны спадчынай ЮНЕСКА.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У пятніцу, 5 снежня 2025 года, у Папскім Усходнім Інстытуце будзе мець месца Дзень даследаванняў пад назвай “Homo viator e peregrinus”, прысвечаны гістарычнай і духоўнай эвалюцыі хрысціянскага паломніцтва.

Ад крыжовых паходаў да юродзівых

Форум, арганізаваны пры ўдзеле Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта, збярэ навукоўцаў з розных краін, каб прасачыць гістарычную, рэлігійную і духоўную эвалюцыю хрысціянскага паломніцтва. Праграма падзелена на дзве сесіі: першая прысвечана гістарычным караням традыцыі, другая – духоўнаму досведу Усходу і Захаду.

Сярод тэм, якія закрануць дакладчыкі, – падарожжа Эгерыі як прыклад трансфармацыі веры, роля жанчын у Першым крыжовым паходзе і феномен “юродства” ў кантэксце паломніцтва.

Сярод экспертаў асаблівае месца зойме выступ беларускага даследчыка, ксяндза Рамана Сушы з Папскага тэалагічнага факультэта святога Банавентуры (Seraphicum). Ён прадставіць даклад “Пілігрымкі на Будслаўскі фэст: марыйная традыцыя і прызнанне ЮНЕСКА”, у якім раскрые не толькі культурнае, але і глыбокае тэалагічнае вымярэнне галоўнай каталіцкай урачыстасці Беларусі.

Шлях, які змяняе сэрца і яднае людзей

Як распавёў ксёндз Суша ў каментары для “Vatican News”, абапіраючыся на асабісты досвед васямнаццаці пешых пілігрымак, ён распавядзе пра Будслаў як пра месца, дзе “Касцёл становіцца жывой сям'ёй веры”. Святар зверне ўвагу на тое, што ўрачыстасць, унесеная ў 2018 годзе ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, аб'ядноўвае не толькі католікаў, але і праваслаўных, пратэстантаў і ўсіх, хто шукае Бога.

Асаблівы акцэнт будзе зроблены на начной працэсіі са свечкамі, калі “вёска патанае ў ціхім і цёплым святле”, а малітва пад зоркамі ператвараецца ў жывую сустрэчу з Хрыстом.

Ксёндз Раман прапануе слухачам паглядзець на пілігрымку праз прызму паняццяў “ambulatio divina” (хаджэнне з Богам) і “nêpsis” (духоўная пільнасць). Паводле яго слоў, фізічны шлях становіцца школай унутранай увагі, дзе чалавек вучыцца слухаць, што адбываецца ў яго сэрцы перад абліччам Бога.

Чатыры крокі да духоўнай сталасці пілігрыма

Аўтар дакладу вылучае чатыры этапы ўнутранай трансфармацыі пілігрыма, якія адлюстроўваюць шлях духоўнага сталення. Першы – гэта эгацэнтрызм, калі чалавек сканцэнтраваны на ўласным дыскамфорце і думках. Затым надыходзіць адкрытасць на іншага, калі паломнік пачынае заўважаць патрэбы бліжняга і дзяліцца сваім цяжарам.

Трэці этап – здольнасць да самааддачы, калі любоў праяўляецца ў канкрэтным служэнні. Вяршыняй жа шляху становіцца жыццё “ў Хрысце”, калі пілігрым усведамляе, што Езус ідзе не побач, а ўнутры яго крокаў.

Такім чынам, Будслаўскі фэст паўстае не проста як прыгожая народная традыцыя, а як прастора “хрыстацэнтрызму”, дзе адбываецца сапраўднае перамяненне чалавека.
 

04 снежня 2025, 09:49