Касцёл у Кітаі мае новага пастыра: двухбаковае пагадненне працуе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сёння, 5 снежня 2025 года, адбылося біскупскае пасвячэнне ксяндза Францішка Лі Цзяньліня. Як паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы, Леў XIV яшчэ 11 жніўня 2025 года прызначыў яго пастырам апостальскай прэфектуры Сіньсян (правінцыя Хэнань) і ўхваліў яго кандыдатуру ў межах Часовага пагаднення паміж Апостальскай Сталіцай і Кітайскай Народнай Рэспублікай. Святы Айцец таксама прыняў адстаўку яго папярэдніка, біскупа Юзафа Чжан Вэйчжу.
Новы іерарх нарадзіўся 9 ліпеня 1974 года ў горадзе Хуэйсянь, правінцыя Хэнань, у сям’і з глыбокімі каталіцкімі традыцыямі. З 1990 па 1999 год праходзіў святарскую фармацыю ў семінарыях у Чжэндыне і Ісяні. 23 ліпеня 1999 года атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Выконваў абавязкі пробашча, а з 2000 года адказваў за фармацыю семінарыстаў і законніц. З 2011 года быў пробашчам у Цзяоцзо.
Часовае пагадненне паміж Апостальскай Сталіцай і КНР, упершыню падпісанае ў 2018 годзе, датычыцца працэдуры прызначэння біскупаў у Кітаі. Яго мэта – аб'яднаць так званыя “падпольную” і “афіцыйную” каталіцкія супольнасці, выпрацаваўшы працэдуру, паводле якой канчатковае рашэнне аб прызначэнні біскупа застаецца за Святым Айцом.