Касцёл у ЗША: заклік да вяршэнства закона ў барацьбе з наркатрафікам
Аляксандр Панчанка -Vatican News
“Усе падзяляюць турботу адносна наркатрафіку і ўжывання незаконных наркотыкаў у нашай краіне. Барацьба з гэтай праблемай патрабуе скаардынаваных намаганняў усіх сектараў грамадства, уключаючы прафілактыку і адукацыю, асабліва сярод моладзі, школы без наркотыкаў, даступнае лячэнне і меры па змяншэнні шкоды, лепшае міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама рэформу наркапалітыкі на падставе навуковых дадзеных. Калі не будзе попыту, прыбыткі картэляў і тых, хто іх падтрымлівае, абрынуцца, а разам з імі – і стымул кантрабанды наркотыкаў у нашу краіну”, - заўважыў на пачатку заявы іерарх.
Арцыбіскуп Броліа падкрэсліў, што барацьба з магутнымі злачыннымі сеткамі, адказнымі за плынь незаконных рэчываў у ЗША, з’яўляецца неабходнай і пахвальнай задачай. “Відавочна, што гандаль незаконнымі наркотыкамі – гэта не проста злачыннае прадпрыемства; гэта складаная глабальная праблема з трагічнымі чалавечымі, сацыяльна-эканамічнымі і экалагічнымі наступствамі”, - напісаў ён.
“Пытанні ўзніклі адносна выкарыстання ваеннай сілы ў Карыбскім моры і Ціхім акіяне, і, як дзяржава, мы павінны гарантаваць, што выкарыстанне ваеннай сілы з’яўляецца этычным і законным. Гэта пытанне цікавіць мяне асаблівым чынам, бо ад самага пачатку Джордж Вашынгтон хацеў мець капеланаў пры сваіх войсках, каб яны казалі яму праўду”, - нагадаў старшыня вайсковага ардынарыяту ЗША.
“У барацьбе супраць наркотыкаў мэта ніколі не апраўдвае сродкаў: яны павінны быць маральнымі, адпавядаць прынцыпам тэорыі справядлівай вайны і заўсёды паважаць годнасць кожнай чалавечай асобы”, - напісаў ён, нагадваючы, што “нават тыя, каго падазраюць у здзяйсненні злачынства, маюць права на належную прававую працэдуру”. “Паколькі маральны прынцып, які забараняе наўмыснае забойства няздольных да абароны асоб, з’яўляецца недатыкальным, загад наўмысна забіваць выжыўшых на судне, якія не ўяўляюць непасрэднай смяротнай пагрозы нашым узброеным сілам, быў бы незаконным і амаральным”, - дадаў арцыбіскуп.
“Мы не ведаем, ці кожны марак на судне, якое, як мяркуецца, перавозіць незаконныя наркотыкі, ведае пра характар грузу. Але мы ведаем, што існуе законны спосаб перахопліваць падазроныя судны, паднімацца на іх борт разам з супрацоўнікамі Берагавой аховы, якія маюць паўнамоцтвы ажыццяўляць арышты. Пасля гэтага суды вызначаюць вінаватых і адпаведнае пакаранне. Належная прававая працэдура павінна прымяняцца да кожнага, незалежна ад яго ролі ў незаконнай дзейнасці. Вяршэнства закона павінна кіраваць усімі дзеяннямі; адмаўленне ад належнай працэдуры падрывае правы чалавека, разбурае давер грамадства і стварае рызыку нанясення шкоды невінаватым. Сапраўдная справядлівасць дасягаецца праз празрыстыя прававыя працэдуры, падсправаздачнасць і павагу да жыцця, а не праз гвалт па-за законам”, - напісаў былы старшыня епіскапату.
Арцыбіскуп Броліа нагадаў, што ЗША маюць “доўгую традыцыю рэагавання на несправядлівасць, вызвалення прыгнечаных і лідарства ў свабодным свеце”. “Мы не можам сапсаваць гэту рэпутацыю сумніўнымі дзеяннямі, якія не паважаюць годнасць чалавечай асобы і вяршэнства закона. Намагаючыся спыніць наркатрафік і незаконнае ўжыванне наркотыкаў, нельга ніколі выключаць прымяненне вяршэнства закона. Каб быць лепшымі, мы мусім паказваць прыклад і рабіць тое, што правільна. Калі мы дазваляем маральнаму закону кіраваць нашымі дзеяннямі, мы не толькі аберагаем невінаватых, але і абараняем нашых людзей у форме. Гэтыя прынцыпы не маюць нічога супольнага з партыйнай палітыкай – правай, левай або цэнтрысцкай”, - падкрэсліў іерарх.
“Я заклікаю кіраўнікоў нашай краіны, заканадаўцаў і тых, хто непасрэдна адказвае за кіраванне нашымі Узброенымі сіламі, паважаць сумленне тых, хто ўзнімае правую руку, каб абараняць Канстытуцыю: не прымушайце іх да ўдзелу ў амаральных дзеяннях. Пакажам свету нашу павагу да чалавечай годнасці і вяршэнства закона”, - завяршыў сваю заяву старшыня вайсковага ардынарыяту ЗША.