Экуменізм: у Венецыі адзначылі гадавіну адмены адлучэнняў 1054 года
Марыя Валодзіна - Vatican News
Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел кардынал Матэа Дзупі, праваслаўны Мітрапаліт Італіі і экзарх Паўднёвай Еўропы Палікарп, Патрыярх Венецыі Франчэска Маралья, біскупы, святары, прадстаўнікі ўлады і вернікі. Сустрэча распачалася ў касцёле святога Захарыя, дзе спачывае святы Афанасій Александрыйскі, які спрыяў фармуляванню Нікейскага сімвала веры, а завяршылася ў суседняй праваслаўнай царкве святога Георгія, у якой захоўваецца старажытная ікона Хрыста Уседзяржыцеля XIV стагоддзя, дастаўленая ў Венецыю з Канстанцінопаля да падзення Візантыйскай імперыі.
Кардынал Дзупі нагадаў пра гістарычныя братэрскія абдымкі Паўла VI і Патрыярха Афінагора, падкрэсліўшы, што адмена адлучэнняў стала прыкладам дыялогу “на роўным узроўні” і пачаткам новай еднасці. Ён таксама згадаў нядаўнюю сустрэчу Льва XIV з Патрыярхам Барталамеем I у Турцыі, падчас якой бакі пацвердзілі рашучасць крочыць шляхам дыялогу ў любові і праўдзе да жаданага аднаўлення поўнага адзінства паміж сястрынскімі Цэрквамі – таго адзінства, аб якім маліўся Езус: “Каб усе былі адным”. Іерарх таксама абвясціў, што 23–24 студзеня 2026 года ў Бары пройдзе першы сімпозіум хрысціянскіх Цэркваў Італіі, які стане новым крокам на шляху дыялогу і прымірэння.
Патрыярх Маралья назваў адмену адлучэнняў 1965 года “важнай вяхой на экуменічным шляху” і пастаянным заклікам да адзінства паміж сястрынскімі Цэрквамі. Іерарх падкрэсліў, што ў Венецыі экуменічнае вымярэнне мае асаблівае значэнне. Сама лацінская назва горада – Venetiae, у множным ліку – нагадвае пра сустрэчу розных традыцый, культур, народаў і рэлігійнага досведу. Паводле Патрыярха, сёння гісторыя і культура Венецыі могуць стаць прарочым знакам для сучаснага чалавецтва, якое “зноў адчувае патрэбу ў мастах, прымірэнні і міры”.
Мітрапаліт Палікарп адзначыў, што рашэнне 1965 года мела не толькі царкоўнае, але і шырэйшае значэнне, бо стала прыкладам дыялогу ў свеце, пазначаным напружанасцю “халоднай вайны”. Яно таксама спрыяла аднаўленню свядомасці агульных хрысціянскіх каранёў. “Тое, што нас яднае, нашмат мацней за тое, што нас падзяляе”, - казаў Папа Ян ХХІІІ.
Паводле праваслаўнага іерарха, пачынаючы з той гістарычнай сустрэчы, распачалося паступовае збліжэнне паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Гэтае збліжэнне не было простым жэстам дыпламатычнай ветлівасці, але выразам глыбокай змены ў разуменні тэалогіі дыялогу: Рым і Канстанцінопаль пачалі бачыць адно аднаго не як супернікаў, а як сястрынскія Цэрквы з агульнымі каранямі, пакліканыя разам сведчыць хрысціянскую веру ў сучасным свеце.
Мітрапаліт Палікарп падкрэсліў, што адмена адлучэнняў 1965 года стала “фундаментальным актам сучаснай духоўнай Еўропы”, бо вяртала ўсведамленне агульных грэка-лацінскіх каранёў еўрапейскай цывілізацыі. На яго думку, падзея паказала, што адкрытасць на “іншага” дазваляе Цэрквам таксама адкрыцца сучаснасці, не адмаўляючыся ад сваёй ідэнтычнасці. Яна дапамагла сфармаваць пакаленне тэолагаў, багасловаў, інтэлектуалаў і практыкаў, перакананых у тым, што еднасць – гэта не аднастайнасць, а сустрэча ў разнастайнасці.