Змена геаграфіі пілігрымаў у фацімскім санктуарыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Статыстыка наведвальнасці Санктуарыя Маці Божай Ружанцовай у Фаціме дэманструе выразны рост колькасці вернікаў з дзяржаў па-за межамі Еўрапейскага саюза. Як паведамілі ўлады марыйнага месца культу Каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву, амерыканцы і інданезійцы сталі абсалютнымі лідарамі сярод гасцей з далёкага замежжа.
Асаблівую ўвагу прыцягвае той факт, што інданезійскія пілігрымы па колькасці абышлі італьянцаў. Калі з азіяцкай дзяржавы прыбыло амаль дванаццаць з паловай тысяч чалавек, то жыхароў Апенінскага паўвострава было на дзве з паловай тысячы менш. Гэта сведчыць пра значны спад актыўнасці італьянцаў у параўнанні з пасляпандэмічным перыядам.
Сярод еўрапейцаў першае месца традыцыйна ўтрымліваюць іспанцы, аднак сапраўдным феноменам сталі палякі. За дзесяць месяцаў бягучага года іх колькасць перавысіла дваццаць дзве тысячы, што з'яўляецца абсалютным гістарычным рэкордам для гэтага народа.
Агулам жа фацімскі рэктарат налічыў амаль шэсць мільёнаў пілігрымаў, што пацвярджае рост папулярнасці санктуарыя ў свеце.