Кардынал Каспер: нам трэба раздзьмуць полымя Сабора
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У інтэрв'ю часопісу "Communio" нямецкі кардынал канстатаваў: вырасла пакаленне, якое не ведала саборнага ўздыму і жыве ў "духоўнай пустэчы" постмадэрну. Адзіны шлях наперад – "раздзьмуць полымя пад попелам", вярнуўшыся да радыкальнасці Евангелля.
Каспер востра адказаў крытыкам, якія бачаць у Саборы разрыў з мінулым. "Традыцыя – гэта жывы працэс, дзе Дух Святы вядзе да праўды, а не застылая форма", - падкрэсліў ён.
92-галовы іерарх таксама нагадаў, што азначэнне "душпастырскі Сабор" не змяншае яго вартасці. "Не існуе душпастырства без дагматычнага падмурка", - падкрэсліў ён, дадаўшы, што дакументы Сабора сказалі нешта істотнае для хрысціянскага жыцця нашага часу.
Гэта змяніла аблічча Касцёла, ператварыўшы яго з "Касцёла духавенства" ў "Касцёл Народа Божага", і адчыніла дзверы для экуменізму і дыялогу з іншымі рэлігіямі. Гаворка ідзе пра незваротныя змены, ад якіх немагчыма адмовіцца, перакананы кардынал Каспер.
Разважаючы пра будучыню, вопытны тэолаг выказаў меркаванне, што цяпер не час для склікання новага Сабора. Свет і Касцёл знаходзяцца ў працэсе глыбокай трансфармацыі. Перш чым Папа Леў XIV ці яго пераемнікі змогуць задумацца пра такі крок, неабходна на практыцы выпрацаваць эфектыўныя сінадальныя структуры.
Кардынал прагназуе, што ў выпадку фарміравання новага сусветнага парадку – шматпалярнага і лічбава звязанага – перад Касцёлам паўстануць новыя выклікі адзінства ў разнастайнасці, адрозныя ад тых, што існавалі ў біпалярным свеце 1960-х гадоў. Тады пытанне евангельскага абнаўлення зноў стане вострым і актуальным.