Дзяржсакратар наведаў Мазамбік: знак надзеі і блізкасці Папы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Дзяржсакратар Святага Пасада наведаў Мазамбік з 5 па 10 снежня 2025 года з нагоды 30-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і гэтай афрыканскай краінай, якая працягвае пакутаваць ад унутраных канфліктаў.
Візіт да ўнутраных перасяленцаў
У багатай паўночнай правінцыі Кабу-Дэлгаду дзясяткі тысяч мірных жыхароў былі вымушаны пакінуць свае дамы ў выніку ўзнаўлення баявых дзеянняў паміж узброенымі групоўкамі і ўрадавымі войскамі. Кардынал П’етра Паралін наведаў іх у цэнтры для ўнутраных перасяленцаў на тэрыторыі дыяцэзіі Пемба.
“Сітуацыя з унутранымі перасяленцамі вельмі складаная, бо гэта людзі, якія страцілі ўсё, калі пакінулі свае вёскі. Яны ўцякалі ў пошуку больш бяспечнага месца, не ўзяўшы з сабой абсалютна нічога”, - сказаў у інтэрв’ю “Vatican News” арцыбіскуп Інасіу Саўрэ, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Мазамбіка. Па словах іерарха, патрэбы бежанцаў перавышаюць магчымасці дзяржаўных уладаў.
Знак блізкасці Папы
Арцыбіскуп Саўрэ адзначыў, што візіт бліжэйшага супрацоўніка Папы быў успрыняты з вялікай надзеяй, тым больш што ў краіне ўсё яшчэ жывая памяць пра візіт Францішка ў 2019 годзе. “Быццам сам Папа прысутнічаў, жадаючы дакрануцца да сапраўдных пакут жыхароў Кабу-Дэлгаду”, - сказаў мазамбікскі іерарх.
Дзейнасць Касцёла
Кардынал Паралін не толькі наведаў бежанцаў, але і правёў перамовы з дзяржаўнымі ўладамі і касцельным кіраўніцтвам, якое намагаецца арганізаваць дапамогу пацярпелым. Бежанцам аказваюць падтрымку не толькі структуры “Caritas”, але і самі вернікі, якія прымаюць перасяленцаў у сваіх дамах.
Багацці разладу
Па словах арцыбіскупа Саўрэ, прыродныя багацці паўночнай часткі краіны сталі для яе сапраўдным праклёнам, бо ператварылі рэгіён у арэну пастаянных баявых дзеянняў паміж сіламі, якія намагаюцца ўсталяваць кантроль над тэрыторыяй. Іерарх падкрэсліў, што пакласці канец канфліктам неабходна шляхам дыялогу і перамоў, каб паставіць прыродныя рэсурсы на службу развіццю ўсёй краіны.