Словы Льва XIV да юных удзельнікаў раратаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа адказаў на адвэнтавую ініцыятыву ў Польшчы, дзе, паводле інфармацыі журналістаў Польскай рэдакцыі “Vatican News” ксяндза Рафала Скітэка і Войцеха Рагаціна, у 3500 парафіях дзеці і моладзь знаёмяцца з новым Пантыфікам пад дэвізам “З Папам Львом чакаем Езуса”.
У адмысловым лісце, скіраваным да ўдзельнікаў традыцыйных раратніх Імшаў, Святы Айцец выказаў падзяку за гэтую “высакародную ініцыятыву”, адзначыўшы, што Адвэнт – гэта “цудоўная нагода для ўзрастання ў цярплівасці”.
Галоўны заклік Папы быў скіраваны да сэрцаў юных вернікаў. “Няхай удзел у штодзённых святых Імшах з запаленымі лампадамі падрыхтуе вас да таго, каб кожны дзень перамагалі вера, надзея і любоў, асабліва калі мы чытаем Святое Пісанне, дапамагаем патрабуючым, суцяшаем засмучаных і шукаем шчасце ў тым, каб дарыць, а не ў тым, каб патрабаваць”, - напісаў Пантыфік.
Святы Айцец удзяліў усім удзельнікам раратаў сваё апостальскае благаслаўленне, нагадаўшы, што “апошняе слова заўсёды належыць Богу”. Ініцыятыва была падрыхтавана рэдакцыяй каталіцкага часопіса “Gość Niedzielny”.