Пошук

Падчас сустрэчы ліванскай моладзі з Папам у Бкерке Падчас сустрэчы ліванскай моладзі з Папам у Бкерке  (AFP or Licensors)

Дабрачынныя фонды пра вынікі падарожжа Льва XIV

Дабрачынныя арганізацыі бачаць у завершаным візіце Льва XIV шанец для Лівана. Ён павінен умацаваць моладзь перад абліччам крызісу і пагроз новай вайны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Перад абліччам страху вайны і ціску эміграцыі на маладых хрысціян у Ліване арганізацыі дапамогі ўспрымаюць візіт Папы як вялікі шанец: яны разлічваюць на знак падтрымкі з боку Льва XIV.

Ксёндз Дзірк Бінгенер, старшыня арганізацыі "Missio" з штаб-кватэрай у Ахене, якога цытуюць нямецкія СМІ, адзначыў, што партнёры фонду паведамляюць пра надзвычайную важнасць гэтай сустрэчы для маладых вернікаў.

Ён выказаў надзею на тое, што сустрэча на плошчы перад мараніцкім Патрыярхатам у Бкерке, якая адбылася падчас візіту, зматывуе юнакоў і дзяўчат не здавацца і ўмацуе іх рашучасць у імкненні да паляпшэння сітуацыі ў іх айчыне.

Стабільнасць праз хрысціянскую прысутнасць

Эканамічны і палітычны крызіс у Ліване выклікае велізарны эміграцыйны ціск. Гэта апошняя краіна Блізкага Усходу, дзе хрысціянства ўсё яшчэ моцна прысутнічае. Гэта прысутнасць істотна спрыяе стабільнасці ў цяперашняй сітуацыі, паколькі прадстаўнікі Касцёла бяруць на сябе ініцыятывы ў розных сферах жыцця і знаходзяцца там, дзе не хапае падтрымкі дзяржавы, лічыць кіраўнік нямецкага фонду.

На пазітыўны імпульс папскага візіту ў Турцыю і Ліван разлічвае таксама Олівер Мюлер, кіраўнік нямецкага "Caritas International". Ён пералічыў фактары, якія моцна ўдарылі па людзях: эканамічны спад з гіперынфляцыяй у апошнія гады, выбух у порце Бейрута ў 2020 годзе, вайна, якая працягвалася да лістапада 2024 года, і цяжар прыняцця паўтара мільёна сірыйскіх бежанцаў. Цяпер жыхарам краіны патрэбны час, каб аднавіцца.

Сігнал памяці і трывога перад эскалацыяй

Мюлер падкрэсліў, што візіт Папы стаў важным і выразным сігналам для ліванцаў: пра іх не забыліся. Аднак ён прызнаў наяўнасць глыбокай занепакоенасці тым, што і без таго далікатная сітуацыя можа абвастрыцца аднаўленнем сутыкненняў паміж ізраільскай арміяй і міліцыяй "Хезбала". Нямецкі дабрачынец дадаў, што, нягледзячы на спыненне агню, сітуацыя на месцы застаецца вельмі напружанай.

Спасылаючыся на словы айца Мішэля Абуда, старшыні "Caritas" у Ліване, Мюлер адзначыў, што людзі баяцца вяртання вайны. Гэта было б фатальна, бо насельніцтву зараз неабходны мір, каб справіцца з крыўдамі і траўмамі мінулых гадоў. Візіт Льва XIV павінен стаць тым падмуркам, на якім будзе будавацца мірная будучыня.
 

03 снежня 2025, 09:32