Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ZOHRA BENSEMRA)

Паўднёвы Судан: жывая прыпавесць пра Божае Нараджэнне

Пра мары, звязаныя з чаканнем Божага Нараджэння ў адной з самых бедных і небяспечных краін свету – Паўднёвым Судане, расказаў біскуп Крысціян Карласарэ, місіянер, які служыць на тэрыторыі гэтай афрыканскай краіны ўжо дваццаць гадоў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Нягледзячы на перамір’е паміж бакамі грамадзянскага канфлікту, гвалт у Паўднёвым Судане не спыняецца. Да нядаўніх нападаў на медыцынскія ўстановы і дзіцячы садок у Аль-Ханане, у выніку якіх загінулі 120 чалавек, у тым ліку 63 дзіцяці, у мінулыя выходныя дадаўся ўдар беспілотнікам па буйным нафтасховішчы, якое кантралюецца паўстанцамі, што прывяло да новых ахвяр і абвастрэння сітуацыі. “У гэтым канфлікце няма павагі да чалавечага жыцця”, - заўважыў у інтэрв’ю “Vatican News” біскуп Крысціян Карласарэ, пастыр мясцовай дыяцэзіі Бенціу.

Мара пра блізкасць і братэрства

“Божае Нараджэнне – гэта свята блізкасці і братэрства. Гэта мара ўсіх маіх дваццаці гадоў, праведзеных побач з народам Паўднёвага Судана. Як місіянер, я бачыў святло і цені. Я быў сведкам таго, як надзея і крыж пераплятаюцца ў гісторыі гэтага народа, любімага Богам. Я падзяляў радасць мірнага пагаднення 2005 года і мару аб незалежнай краіне ў 2011 годзе. Але я таксама быў сведкам глыбокіх ран, выкліканых унутраным канфліктам, які падзяліў людзей і разарваў грамадства, прымусіў мільёны людзей уцякаць, штурхнуў іх у галечу, пазбавіў самага неабходнага і параніў годнасць кожнага чалавека. І ўсё ж, менавіта там, пасярод руін канфлікту, Евангелле нагадала мне, што надзея ніколі не з’яўляецца ілюзіяй: гэта ўпартае зерне, здольнае прарасці нават на закамянелай глебе”, - сказаў іерарх.

Беднасць – не праклён, а стымул для салідарнасці

Біскуп Карласарэ з’яўляецца членам кангрэгацыі Місіянераў Камбаніянаў Святога Сэрца. У сваім служэнні ён натхняецца прыкладам заснавальніка гэтай супольнасці, святога Даніэля Камбоні, які ніколі не сумняваўся ў сэнсе місіі, якую многія лічылі немагчымай. “Мы ўсё яшчэ верым у свет, у якім ніхто не адкінуты, у якім жыццё паважаецца, а беднасць – гэта не праклён, а стымул для салідарнасці і будавання братэрскага грамадства”, - сказаў ён.

Біскуп Крысціян Карласарэ сярод суданскіх дзяцей
Біскуп Крысціян Карласарэ сярод суданскіх дзяцей

Іерарх прызнаўся, што марыць убачыць Паўднёвы Судан краінай, дзе “дзеці могуць гуляць без страху, дзе моладзь можа хадзіць у школу, а дзяўчынка мае больш шанцаў атрымаць дыплом аб адукацыі, чым памерці падчас родаў”. Ён падзяліўся жаданнем, каб прыродныя рэсурсы Паўднёвага Судана перасталі сілкаваць несправядлівасць, а спрыялі развіццю краіны; каб яе жыхары маглі працаваць і годна жыць, а не залежаць ад гуманітарнай дапамогі.

Жывая прыпавесць пра Божае Нараджэнне

“Паўднёвы Судан, маладая і параненая краіна – гэта жывая прыпавесць пра Божае Нараджэнне. Там, дзе гвалт, беднасць і падзелы, здаецца, душаць надзею, нараджэнне Божага Сына працягвае адкрывацца як самы радыкальны знак блізкасці Бога. Бог вырашае прыйсці ў свет, дзе чалавецтва стогне і чакае. Бог выбірае шлях беднасці, каб адкрыць нам сапраўднае багацце”, - сказаў біскуп Карласарэ.

Па словах іерарха, адзіным сапраўдным багаццем з’яўляецца Божая любоў, а ў Паўднёвым Судане мы можам бачыць, як яна злучае тое, што раздзіраюць людзі, лечыць тое, што раняць людзі, і ўзвышае тое, што людзі топчуць.
 

16 снежня 2025, 11:53