Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Справаздача да Дня бедных: беднасць, уціск, дыскрымінацыя

Новая справаздача паказвае: чвэрць насельніцтва планеты пакутуе ад беднасці, а мільярды – ад уціску па рэлігійнай і гендарнай прыкмеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Згодна з новай справаздачай Фордхэмскага ўніверсітэта, апублікаванай напярэдадні Сусветнага дня бедных, больш за чвэрць насельніцтва планеты па-ранейшаму не мае доступу да сямі асноўных патрэб, вызначаных як фундаментальныя Папам Францішкам.

Акрамя таго, амаль 60 працэнтаў людзей жывуць у краінах з жорсткімі абмежаваннямі рэлігійнай свабоды, а больш за палову жанчын свету – у краінах з сур’ёзнай дыскрымінацыяй па палавой прыкмеце.

Стагнацыя ў барацьбе з беднасцю і ўціскам

Дакумент, падрыхтаваны на аснове індэкса, які ацэньвае Глабальны разрыў у беднасці, паказвае, што гэты паказчык складае 25,5 працэнта і не змяніўся ў параўнанні з 2024 годам. Пасля пагаршэння сітуацыі з прычыны пандэміі COVID-19, у 2023 годзе пачалося аднаўленне, аднак, як адзначаецца ў справаздачы, “гэты працэс спыніўся з 2024 года”. Даследаванне абапіраецца на даныя ААН і Сусветнага банка.

Найбольш патрабуючыя краіны знаходзяцца пераважна на афрыканскім кантыненце, а таксама ў некаторых краінах Азіі. Каля 707 мільёнаў чалавек (8,8 працэнта) не маюць доступу да чыстай пітной вады.

Лідарамі ў гэтым сумным рэйтынгу з’яўляюцца Конга, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка і Паўднёвы Судан. Каля 730 мільёнаў чалавек (9,1 працэнта) недаядаюць, прычым у Самалі і на Гаіці гэтая праблема закранае больш за палову насельніцтва. Акрамя таго, 1,3 мільярда чалавек (16,4 працэнта) жывуць у непрыдатных жылых умовах.

Дыскрымінацыя і абмежаванні: мільярды людзей пад пагрозай

Справаздача таксама выявіла, што больш за палову жанчын свету – 2 мільярда – “жывуць у краінах з жорсткай дыскрымінацыяй”. Сярод краін, дзе становішча жанчын найбольш цяжкае, названы Азербайджан, Кітай, В’етнам, Катар, Індыя і Афганістан.

Акрамя таго, паводле ацэнак даследчыкаў, у 2022 годзе больш за 4,7 мільярда чалавек (каля 59 працэнтаў насельніцтва планеты) жылі ў краінах, дзе рэлігійная свабода была сур’ёзна абмежавана.

Спіс краін з найбольшым уціскам узначальваюць Кітай, за ім ідуць Егіпет, Афганістан і Іран. У той жа час Паўночная Карэя, вядомая як адзін з найгоршых парушальнікаў рэлігійнай свабоды, не была ўключана ў даследаванне з прычыны адсутнасці даных, што, па словах аўтараў, азначае, што рэальныя лічбы могуць быць экстрэмальна высокімі.

У сваім пасланні на Сусветны дзень бедных 2025 года Папа Леў XIV адзначыў: “Бедныя – гэта не тое, што адцягвае ўвагу Касцёла, але нашы ўмілаваныя браты і сёстры, бо сваім жыццём, словамі і мудрасцю яны дазваляюць нам сутыкнуцца з праўдай Евангелля”.
 

18 лістапада 2025, 11:29