Пошук

Ліванская моладзь падчас сустрэчы з Львом XIV Ліванская моладзь падчас сустрэчы з Львом XIV  (@Vatican Media) Калонка рэдактара

Тарніелі: Ліван застаецца “краінай-пасланнем” надзеі для свету

Андрэа Тарніелі аналізуе візіт Льва XIV, называючы Ліван “краінай-пасланнем”, дзе моладзь праз канкрэтныя ўчынкі любові паказвае свету шлях да сапраўднага міру і адзінства.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Адаптацыя: Аляксандр Амяльчэня

У сваёй аўтарскай калонцы на “Vatican News” галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада разважае пра значэнне суіснавання розных веравызнанняў. На яго думку, магчымасць братэрства, якое пераадольвае этнічныя бар'еры, – гэта менавіта тое, што пакутніцкі Ліван працягвае дэманстраваць свету не як утопію, а як канкрэтную магчымасць.

Аўтар звяртае ўвагу на тое, як Леў XIV указаў шлях у будучыню менавіта праз моладзь, якая адмаўляецца здавацца вайне і нянавісці. Тарніелі цытуе словы Пантыфіка, звернутыя да юнакоў і дзяўчат: “Сапраўдны супраціў злу – гэта не зло, а любоў, здольная загаіць уласныя раны, калі лечыш раны іншых”.

Жывое сведчанне братэрства

Галоўны рэдактар быў глыбока крануты гісторыямі маладых людзей, якія прагучалі перад прамовай Папы. Ён прыводзіць прыклад Элі, які страціў усё з прычыны эканамічнага крызісу, але вырашыў не эміграваць, бо не мог пакінуць сваю краіну ў пакутах.

Асаблівую ўвагу аўтар надае гісторыі хрысціянкі Жуэль і мусульманкі Асіль. Калі вёска Асіль пацярпела ад бамбардзіровак, сям'я Жуэль прыняла іх у сябе.

Гэты ўчынак, як заўважае Тарніелі, пацвярджае словы маці Асіль: “Рэлігія – гэта не словы, а жыццё ў любові, якая пераадольвае любыя межы”. Менавіта ў такіх жэстах праяўляецца Бог, які “аб’яўляецца там, дзе сустракаюцца розныя сэрцы”.

Знікнуць, каб дзейнічаў Бог

Падводзячы вынікі першага апостальскага падарожжа Льва XIV, якое завяршаецца сёння, 2 снежня 2025 года, Андрэа Тарніелі вяртаецца да ключавой думкі цяперашняга пантыфікату: “сысці ў цень, каб застаўся Хрыстус”. Аўтар тлумачыць, што гэта не заклік да ўцёкаў ад рэальнасці або стварэння закрытых супольнасцей.

На думку Тарніелі, гэта азначае стаць правадніком той бязмежнай Божай любові, якая, не зважаючы на нашу недасканаласць, схіляецца над тымі, хто пакутуе і каго прыгнятаюць.

Ліванская зямля, якая памятае біблейскую хананеянку і яе веру, становіцца месцам, дзе пакора і давер сустракаюцца з міласэрнасцю, здольнай адрадзіць надзею.
 

02 снежня 2025, 10:56