Пошук

Папскі самалёт Папскі самалёт  (KEMAL ASLAN)

Шчодрая порцыя надзеі: арцыбіскуп Кметэк пра Папу ў Турцыі

Мітрапаліт Ізміра называе візіт Льва XIV у Турцыю сустрэчай з айцом і братам. Гэта падзея прынесла надзею і ўмацавала сувязь турэцкай паствы з Паўсюдным Касцёлам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Для мясцовых іерархаў зносіны з Наступнікам Пятра мелі глыбока братэрскі характар. Арцыбіскуп Марцін Кметэк, францішканін, у інтэрв'ю для “Vatican News” падкрэсліў, што гэты досвед дазволіў адчуць непарыўную повязь паміж імі і Рымам, з усім Паўсюдным Касцёлам.

Позірк, які ствараў сувязь

Тыя, каму пашчасціла паразмаўляць з Папам асабіста, адзначаюць яго неверагодную ўважлівасць да суразмоўцы. Арцыбіскуп згадвае, як падчас прывітання Святы Айцец глядзеў яму прама ў вочы пасля кожнага сказа, ствараючы адчуванне выключнай блізкасці. Паводле слоў іерарха, усе атрымалі ў дар “шчодрую порцыю надзеі”.

Менавіта надзея стала галоўным матывам падарожжа, сканцэнтраванага вакол таямніцы Хрыста. Гэта выявілася праз сумеснае чытанне Нікейскага сімвала веры з прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх супольнасцей. Праграма ўключала сустрэчы ў армянскай і праваслаўнай цэрквах, падкрэсліваючы важнасць экуменічнага дыялогу.

Мітрапаліт Ізміра зазначыў, што ў Турцыі хрысціяне складаюць малую супольнасць, таму імкненне да адзінства і ўзаемнай падтрымкі з'яўляецца тут жыццёвай неабходнасцю.

Супрацоўніцтва дзеля адзінства

Прыём Льва XIV арганізоўваўся ў духу экуменізму: біскупы супрацоўнічалі ў розных ініцыятывах. Рыма-каталіцкі Касцёл разам з Усходнімі Цэрквамі працавалі над перакладам і падрыхтоўкай да публікацыі на турэцкай мове матэрыялаў, якія сталі плёнам папскай пілігрымкі. Яшчэ адной сферай, якая аб'ядноўвае канфесіі, застаецца дабрачыннасць.

Падводзячы вынікі, арцыбіскуп Кметэк сказаў, што галоўнае ў візіце – гэта заклік да большага адзінства і любові.
 

02 снежня 2025, 11:35