Пошук

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Перадкалядныя сустрэчы, Бэтлеемскі агонь, акцыі Caritas – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Парафія ў Сапоцкіне збірае ахвяраванні на аднаўленне касцёла пасля пажару. 14 снежня 2025 года агонь ахапіў святыню Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне каля Гродна. Пажар пашкодзіў дах, унутранае ўбранне касцёла і многае іншае. Парафія ўжо распачала аднаўленне святыні, а месцам малітвы супольнасці часова стаў мясцовы Дом міласэрнасці каля касцёла. Працягваецца высвятленне прычын пажару, адкрыты збор ахвяраванняў на аднаўленчыя працы.

Бэтлеемскі агонь міру даставілі ў парафіі Беларусі. Першымі сімвал Божага Нараджэння сустрэлі 18 снежня 2025 года ў гродзенскай катэдры, куды яго ўрачыста ўнеслі каталіцкія скаўты пасля перадачы агню польскімі скаўтамі на мяжы дзвюх краін. Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, прымаючы агонь, сказаў, што "гэта пасланне, знак надзеі, напамін пра тое, што нават у самую цёмную ноч чалавечай гісторыі Бог запальвае святло, якога ніхто не ў стане пагасіць". Затым агонь даставілі ў мінскі катэдральны касцёл і іншыя парафіі. Да Божага нараджэння скаўты плануюць развесці Бэтлеемскі агонь у болей за 150 парафій па ўсёй краіне.

Перадкалядныя сустрэчы духавенства адбыліся ў дыяцэзіях. 18 снежня 2025 года ў Наваполацку сабраліся святары, якія служаць у Віцебскай дыяцэзіі. Святую Імшу на лацінскай мове цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Ён адзначыў, што святарам важна адчуць блізкасць і радасць Божага Нараджэння, каб у сваім служэнні для людзей яны "гэтую ласку шукалі і прасілі аб ёй для саміх сябе, не занядбоўваючы ўласнае збаўленне". У той жа дзень у Гродне прайшла аплаткавая сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў, якія служаць у дыяцэзіі, з удзелам біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя і біскупа эмерыта Аляксандра Кашкевіча. Напярэдадні ў Мінску прайшла пастырская сустрэча святароў і манаскіх асобаў архідыяцэзіі, спалучаная з дзяленнем аплаткай. Пасля духоўнай канферэнцыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў малітву аб новых пакліканнях і цэлебраваў Эўхарыстыю.

У Віцебску адзначылі Дзень інваліда. 13 снежня 2025 года дыяцэзіяльны Caritas арганізаваў свята для наведвальнікаў клуба людзей з абмежаванымі магчымасцямі "Бэтэль". Дырэктар дабрачыннай місіі ксёндз Віктар Місевіч падзякаваў усім людзям добрай волі, якія прычыніліся да арганізацыі імпрэзы. Для ўдзельнікаў падрыхтавалі забавы і пачастунак.

Caritas зладзіў свята ў інтэрнаце на Магілёўшчыне. 14 снежня 2025 года валанцёры Caritas мінскай катэдральнай парафіі падарылі свята выхаванцам Расненскай спецыяльнай школы-інтэрната. Для 105 дзяцей з асаблівасцямі развіцця падрыхтавалі насычаную праграму і падарункі. Гэта стала магчымым дзякуючы 105 парафіянам, якія адгукнуліся на заклік і падрыхтавалі гэтыя знакі ўвагі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.

20 снежня 2025, 07:00