Пошук

Асізская базіліка Асізская базіліка 

Упершыню ў гісторыі: вернікі ўбачаць рэліквіі святога Францішка

У Асізі рыхтуюцца да ўнікальнай падзеі: з нагоды 800-годдзя смерці святога Францішка яго рэліквіі ўпершыню будуць выстаўлены для публічнага ўшанавання ў ніжнім касцёле базілікі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гістарычная ўрачыстасць распачнецца ў бліжэйшую суботу, 21 лютага 2026 года. Труна з целам самага папулярнага святога будзе перанесена з крыпты Базілікі Сан-Франчэска ў ніжні храм. Цырымонію ўзначаліць Папскі дэлегат кардынал Анхель Фернандэс Арцімэ, што адкрые месяц інтэнсіўнай малітвы і культурных мерапрыемстваў.

Сотні тысяч пілігрымаў

Чакаецца, што Асізі наведаюць сотні тысяч чалавек. Ужо цяпер больш за 350 тысяч вернікаў зарэгістраваліся на сайце sanfrancescovive.org, каб атрымаць магчымасць падысці да рэліквій.

Удзел у святых Імшах у Базіліцы таксама будзе магчымы толькі па папярэднім запісе, а ўрачыстую літургію на завяршэнне выстаўлення 22 сакавіка 2026 года правядзе старшыня італьянскага епіскапату кардынал Матэа Дзупі.

Музыка пад скляпеннямі базілікі

Духоўная праграма будзе суправаджацца багатым культурным календаром у верхнім касцёле. Сярод выступоўцаў – хор лонданскай "Oratory School", капэла самой базілікі з творамі на тэму Мукаў Хрыста і “Orchestra da Camera Fiorentina". Усе канцэрты будуць бясплатнымі для наведвальнікаў, што адпавядае духу святога Бедняка.

Святы Францішак (1181/82-1226) застаецца для свету сімвалам евангельскай убогасці і любові да ўсяго стварэння. Ён пакінуў пасля сябе манаскую сям’ю, якая сёння налічвае каля 650 тысяч чалавек ва ўсім свеце. Яго спадчына, адзначаная клопатам пра мір і экалогію, працягвае натхняць мільёны людзей розных веравызнанняў.
 

17 лютага 2026, 09:03