Біскупы ў Мексіцы: барацьба са злом – абавязак вучняў Хрыста
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Мы заклікаем усіх сумесна працаваць дзеля забеспячэння сацыяльнага міру ў нашай краіне. Як Касцёл, што пілігрымуе ў Мексіцы, давайце будзем імкнуцца садзейнічаць міру ва ўсіх сферах жыцця ў нашай краіне. Барацьба са злом – гэта пастаянны абавязак усіх вучняў Езуса, Настаўніка Міру”, - заахвоцілі члены епіскапату.
Пасля забойства Сервантэса ў розных рэгіёнах краіны выбухнулі беспарадкі. Члены злачынных картэляў пачалі падпальваць аўтамабілі і крамы, блакаваць дарогі і здзяйсняць напады на супрацоўнікаў сілавых структур. Паведамляецца пра 26 загінулых, сярод якіх 17 паліцэйскіх.
Мексіканскія біскупы заклікалі грамадзян аб’яднаць намаганні на карысць агульнага дабра і справядлівасці. “Мы павінны працаваць разам, каб загаіць раны тых, хто быў паранены або ўскосна пацярпеў”, - напісалі біскупы, заахвочваючы да малітвы аб згодзе і братэрстве ў грамадстве.
“Давайце даверым гэты момант Маці Божай Гвадэлупскай, Маці і Каралеве Мексікі. Няхай Яна, якая суправаджала нараджэнне краіны, заступаецца за нас, умацоўвае нашы сэрцы і дапамагае нам жыць як сапраўдныя міратворцы”, - гаворыцца ў паведамленні епіскапату. Іерархі заклікалі насельніцтва ўмацаваць меры асабістай і супольнай бяспекі, пазбягаць непатрэбных перамяшчэнняў і выконваць указанні грамадзянскіх уладаў.