У пошуку прымірэння і адзінства: Ангола чакае Льва XIV
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“У Анголе Святы Айцец сустрэне сталы Касцёл, здольны адказваць на разнастайныя выклікі ў рэлігійнай, сацыяльнай і культурнай сферах”, але таксама “малады Касцёл, радасны, місіянерскі, скіраваны на паўсюднасць і гатовы дзяліцца сваімі сынамі і дочкамі дзеля дабра чалавецтва”, - адзначыў у інтэрв’ю агенцтву “Fides” арцыбіскуп Саурыма Жазэ Мануэль Імбамба, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Анголы.
“Я спадзяюся, што візіт Святога Айца ўмацуе і падтрымае нас, каб мы не вагаліся перад абліччам розных праблем, з якімі сутыкаемся, і маглі працягваць быць жывымі сведкамі Божай любові ў нашай канкрэтнай рэальнасці і ў рэальнасці свету”, - дадаў ён.
Іерарх нагадаў, што ангольскі народ перажыў працяглы перыяд каланізацыі і сур’ёзных канфліктаў, што моцна паўплывала на дух народа і адлюстроўваецца ў грамадска-палітычнай сітуацыі краіны.
“Працэс каланізацыі Анголы быў вельмі доўгім. Ён глыбока пазначыў самасвядомасць ангольскіх грамадзян, прынізіў, звёў да рабскага ўзроўню, дыскрымінаваў, а ў пэўных аспектах нават разбурыў культурную тоеснасць ангольцаў. І гэта, безумоўна, вялікі цяжар, вельмі цяжкая спадчына”, - сказаў арцыбіскуп.
На жаль, пасля атрымання незалежнасці 50 гадоў таму краіна ўступіла ў крывавую вайну, якая яшчэ больш узрушыла і затрымала тое нямногае, што было зроблена, стварыўшы сітуацыі падзелу, беднасці, выключэння і празмернай палітызацыі народнай свядомасці.
Паводле арцыбіскупа Імбамбы, сцвярджэнню ангольскай тоеснасці перашкаджаюць таксама заганы ў палітычным жыцці, такія як карупцыя, кліенталізм, прагнасць і недахоп любові да сваёй краіны.
“Сёння Ангола вельмі раздробленая: партыі значаць больш за ўсё астатняе. Краіна ў пэўным сэнсе трапіла ў палон партый, і, натуральна, калі гэта адбываецца, яна адстае. Гэта яшчэ не тая краіна, якую мы хочам. Патрэбна прымірэнне. Патрэбна грамадскае прабачэнне. Патрэбна дэпалітызаваць розумы, сумленні, дзяржаўныя інстытуты, а таксама сямейнае жыццё, каб мара пра Анголу нараджалася з грамадскага абдымку, з суіснавання, якога мы ўсе жадаем”, - падкрэсліў іерарх.
Арцыбіскуп заўважыў, што ў гэтым кантэксце Касцёл адыгрывае важную ролю, бо каля 60% насельніцтва краіны складаюць католікі. У Анголе налічваецца 20 дыяцэзій, і існуе імкненне павялічыць іх колькасць, каб зрабіць душпастырскае служэнне больш дынамічным і блізкім да людзей.
Паводле яго слоў, у краіне служаць больш за 1500 дыяцэзіяльных святароў, каля 600 манахаў-святароў і больш за 1700 манахінь, а фармацыю праходзяць каля 1600 семінарыстаў. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу свецкіх вернікаў мясцовы Касцёл прысутнічае ў свеце навукі, культуры, тэхналогій, палітыкі і сацыялогіі і імкнецца ўплываць на іх развіццё. Такім чынам, ён сцвярджаецца як маральны рэзерв і жыццёвая сіла ўнутры грамадства.