Пошук

Біскуп Эрык Вардэн Біскуп Эрык Вардэн  (ANSA)

Біскуп Вардэн: не прымаць вайну як непазбежнасць

Каб супрацьстаяць сучасным выклікам свету, трэба адказаць на пытанне, дзеля чаго існуе чалавек і ў чым заключаецца мэта грамадства, - перакананы біскуп Эрык Вардэн, які праводзіў вялікапосныя рэкалекцыі для Папы Льва XIV і яго бліжэйшых паплечнікаў.

Ян Глінскі

У інтэрв’ю італьянскай газеце “La Stampa” нарвежскі манах-трапіст указаў на “ўзрастаючыя нацыяналізмы па ўсім свеце”, якія, аднак, “не такія ўжо і трыумфальныя”. На яго думку, ім можна супрацьстаяць, кіруючыся ясна сфармуляванай ідэяй агульнага дабра. “Калі мы прапануем зразумелыя і рэальныя рашэнні, то неабавязкова, што абмежаваныя нацыяналізмы перамогуць”, - дадаў іерарх.

Іерарх, які некалі перайшоў у супольнасць Касцёла з лютэранства, перакананы, што на свет можа пазітыўна паўплываць навучанне Льва XIV, цвёрда ўкаранёнае ў Хрысце. “У той час, калі многія палітыкі па ўсім свеце страцілі давер, гучанне такога бесстаронняга голасу, як голас Льва XIV, які прамаўляе з розумам і разважлівым аўтарытэтам, адкідаючы рытарычныя перабольшанні і звяртаючыся да нашых самых высакародных памкненняў, будзе мець уплыў”, -сказаў біскуп Вардэн.

Трэцяя сусветная вайна – непазбежнасць?

Нарвежскі іерарх звярнуў увагу таксама на пэўны фаталізм, які прасочваецца ў дыскусіях адносна Трэцяй сусветнай вайны. “Гіпотэза сур’ёзная, але давайце пераканаемся, што мы не прымаем яе як непазбежную. Давайце пакажам, што мы свабодныя, – адзначыў манах-трапіст. – Чалавек створаны для свабоды. Свабода вядзе да росквіту”. Ён адзначыў, што “патрэбныя людзі, якія пакажуць, што такое свабода” – “толькі разам мы можам распачаць гэты працэс благаслаўлёнага пераймання”.

Сэнс “традыцыйнай ролі святара”

Біскуп Вардэн раскрытыкаваў новыя прапановы ўдзяляць святарскія пасвячэнні жанатым мужчынам. “Добра пражытае жыццё ў цэлібаце – а яго можна пражыць добра – сведчыць аб першынстве Бога. Яно надае кірунак усяму жыццю святара, робячы яго здольным быць носьбітам любові Хрыста, пасярэднікам паяднання, чалавекам, які вольны аддаць сваё жыццё за іншых”, - нагадаў іерарх. У гэтым, як ён дадаў, заключаецца сэнс “традыцыйнай ролі святара”.

Сучасная геапалітыка і “глыбіня камунікацыі”

На пытанне адносна сучаснай геапалітыкі папскі рэкалекцыяніст сцвердзіў, што “меркаванае права мацнейшага” заўсёды існавала і “заўсёды будзе лічыцца нормай”. Аднак сёння сучасны свет мае выключную патрэбу ў “сацыяльным прымяненні стандартаў эмпатыі і спачування” – стандартаў, якія ў еўрапейскіх мовах называюцца “чалавечымі”. “Бруталізацыя палітыкі дэгуманізуе”, - падкрэсліў біскуп Вардэн. Хрысціянства ж – “гэта гісторыя ўцелаўлення Бога”. Калі ж “Бог стаў целам, то цела, а значыць чалавечая прырода ў сваёй канкрэтнай форме, было прасякнута боскасцю”. “Такім чынам, цела становіцца носьбітам яснай праўды, якая не можа памерці”, - патлумачыў манах і запэўніў, што насамрэч гэта “менш абстрактна, чым здаецца”.

На думку біскупа Вардэна, для будавання супольнага жыцця чалавецтву патрэбна “глыбіня камунікацыі” – “гэта тое, чаго мы жадаем”.
 

10 красавіка 2026, 10:17