Пошук

Кардынал Веско падчас кансісторыя 7 снежня 2024 года Кардынал Веско падчас кансісторыя 7 снежня 2024 года 

Кардынал Веско: алжырцы будуць глыбока кранутыя візітам Папы

Апостальскае падарожжа Льва XIV у Алжыр стане сустрэчай не толькі з невялікай каталіцкай супольнасцю, але і з гасцінным народам, які імкнецца бліжэй пазнаёміцца з “сынам святога Аўгустына”, - лічыць кардынал Жан-Поль Веско.

Vatican News

Напярэдадні першага апостальскага падарожжа Папы ў Афрыку арцыбіскуп Алжыра даў інтэрв’ю "Vatican News". Ён выказаў надзею на тое, што Пантыфік, які ўпершыню ступіць на алжырскую зямлю, паспрыяе адзінству краіны, нагадаўшы пра яе глыбокія гістарычныя карані, звязаныя з Рымскай імперыяй і духоўнай спадчынай святога Аўгустына Гіпонскага. Святы нарадзіўся ў IV стагоддзі ў Тагастэ, сучасным Сук-Ахрасе.

Алжырскі народ адчувае асаблівую сувязь з Папам, які з самага пачатку пантыфікату назваў сябе “сынам святога Аўгустына”. Гэта быў моцны момант: многія алжырцы ўспрынялі словы пра духоўнае паходжанне Папы літаральна, “як знак таго, што гэта ўжо наш Папа. Думаю, пасля візіту ён сапраўды стане нашым Папам”, - адзначыў кардынал Веско.

Адкрыццё “сціплага афрыканскага Касцёла”

Святы Айцец сустрэне ў Алжыры невялікую каталіцкую супольнасць, якая значна змянілася за апошнія тры дзесяцігоддзі. Яна захоўвае памяць пра пакутніцтва дзевятнаццаці мучанікаў, у тым ліку сямі манахаў-трапістаў з Тыбірына, забітых у 1996 годзе ў разгар “чорнага дзесяцігоддзя” тэрарызму.

“Наш Касцёл пакажа сябе такім, які ён ёсць – сціплым і афрыканскім”, - падкрэсліў іерарх, нагадваючы, што алжырская каталіцкая супольнасць існуе ў пераважна мусульманскім грамадстве. Аблічча мясцовага Касцёла моцна змянілася з пачатку вайны за незалежнасць і з часоў кардынала Дзюваля. “Мы пасланыя да алжырскага народа, які ў асноўным складаецца з мусульман, але таксама і з некаторых хрысціян: гэта наш народ”, - дадаў кардынал Веско. На яго думку, не ўлічваць гэта афрыканскае вымярэнне – азначае “страціць з-пад увагі душу мясцовага Касцёла”.

Міжземнамор'е як прастора братэрства

Падарожжа Льва XIV стане працягам лініі, распачатай яго папярэднікам Францішкам, які бачыў у Міжземным моры (Mare Nostrum) прастору цывілізацыі, братэрства і дыялогу. Па словах кардынала Веско, сапраўднае прызначэнне гэтага мора – быць не мяжой і не магілай для шматлікіх мігрантаў, а месцам сустрэчы і пераадолення рэлігійных і культурных адрозненняў.

Пасланне міру ў свеце канфліктаў

Візіт Папы ў Алжыр адбудзецца на фоне ўзмацнення канфліктаў у розных рэгіёнах свету, у тым ліку на Блізкім Усходзе і на афрыканскім кантыненце. Таму яго словы пра “бяззбройны супакой і супакой, які абяззбройвае”, будуць мець асаблівае значэнне. Дэвіз апостальскага падарожжа ў Алжыр – “Супакой вам” – сугучны традыцыйнаму прывітанню “Салам алейкум”, якім алжырцы абменьваюць на арабскай мове. Гэта прывітанне носьбіта міру, які пытаецца, дзе сёння, у сучасным свеце, людзі міру, - адзначыў дамініканін, выказваючы надзею, што Леў XIV не стане “Папам часоў Трэцяй сусветнай вайны”.

Шматлікія алжырскія сябры чакаюць Пантыфіка з удзячнасцю і цікаўнасцю. “Найважнейшае для іх – гэта асоба, позіркі, тое, што кранае сэрца. Алжырцы ў глыбіні душы адчувальныя, гэта іх вялікая якасць”, - падкрэсліў іерарх, упэўнены, што сустрэча з Львом XIV і яго ўвага да людзей і краіны абавязкова пакінуць глыбокі след у сэрцах алжырцаў.

11 красавіка 2026, 11:20