Пошук

Кардынал П’ербатыста Піцабала, Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, узначаліў урачыстую святую Імшу ў Базіліцы Божага Гробу Кардынал П’ербатыста Піцабала, Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, узначаліў урачыстую святую Імшу ў Базіліцы Божага Гробу  

Перамога над нянавісцю: Пасха ў Базіліцы Божага Гробу

У самым сэрцы Святога Горада, сярод рэха канфліктаў і болю, Лацінскі Патрыярх Іерусаліма абвясціў Уваскрасенне Хрыста як адзіную сілу, здольную раззброіць чалавечыя сэрцы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Велікоднае "Аллелюя" прагучала ў Базіліцы Божага Гробу ў атмасферы стрыманасці і вымушаных абмежаванняў. Нягледзячы на адсутнасць шматлікіх пілігрымаў і прадстаўнікоў дзяржаўных структур, кардынал П’ербатыста Піцабала, Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, узначаліў урачыстую святую Імшу, ператварыўшы яе ў глыбокі аналіз сучаснай трагедыі Святой Зямлі.

Паводле слоў іерарха, у месцы, дзе калісьці быў адсунуты камень ад магілы, сёння нянавісць і помста зноў капаюць новыя равы і магілы для жывых.

Як падкрэсліў Патрыярх, сапраўдная надзея заключаецца ў адвазе пачынаць усё нанова. Ён перасцярог ад небяспекі "замураваць" Бога ў труне кожны раз, калі чалавек падпарадкоўваецца логіцы варожасці або лічыць "справядлівасцю" толькі падлік страт, а "мірам" – часовае ўзброенае зацішша.

Уваскрасенне Хрыста, на думку іерарха, – гэта не проста ісціна з мінулага, а актыўны пратэст супраць прымірэння з рэчаіснасцю зла.

Сёлетняя ўрачыстасць прайшла без прысутнасці прадстаўнікоў усходніх Касцёлаў і дыпламатычнага корпуса з-за дзяржаўных абмежаванняў, што яшчэ больш падкрэсліла самотнасць і складанасць моманту. Тым не менш, падчас рэзурэкцыйнай працэсіі вакол Труны Пана святары праспявалі ўрыўкі з чатырох Евангелляў, сімвалічна абвяшчаючы радасную вестку на ўсе чатыры бакі свету.

Гэтае святкаванне ў Базіліцы стала напамінам аб тым, што нават калі вакол гучаць галасы смерці, апошняе слова належыць не тым, хто нясе смерць, а Таму, Хто ўваскрасае.
 

06 красавіка 2026, 11:02