Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пілігрымка з Парыжа ў Шартр прыцягвае ўсё больш вернікаў

У гэтым годзе колькасць жадаючых прыняць удзел у пешай пілігрымцы з Парыжа ў Шартр значна ўзрасла. Найважнейшая пешая пілігрымка ў Францыі, асаблівасцю якой з’яўляецца даcаборная літургія, адбудзецца 23-25 мая 2026 года.

Ян Глінскі

Ужо ў першы дзень рэгістрацыі, якая па традыцыі распачалася ў Пальмовую нядзелю, запісалася каля 14 тысяч чалавек. Нагадаем, што ў мінулым годзе ў першы дзень рэгістрацыі жадаючых налічвалася каля шасці тысяч. У выніку колькасць мінулагодніх пілігрымаў аказалася рэкорднай – 19 тысяч чалавек.

Паводле інфармацыі арганізатараў, запіс яшчэ працягваецца, аднак тыя, каму не ўдасца зарэгістравацца, будуць мець магчымасць сачыць за пілігрымкай праз прамую трансляцыю. Па традыцыі шлях распачнецца ад касцёла святога Сульпіцыя ў Парыжы. За тры дні пілігрымы адолеюць 105 кіламетраў.

З 1983 года “Pèlerinage de Chartres” лічыцца найбуйнейшым мерапрыемствам традыцыйных католікаў у Францыі. Літургія там праводзіцца выключна па Трыдэнцкім абрадзе.

Шартр – месца пілігрымавання ад 876 года

Гатычны касцёл у Шартры з’яўляецца адным з галоўных марыйных санктуарыяў Францыі і месцам шматлікіх пілігрымак. У 877 годзе кароль Карл ІІ Лысы прынёс у дар мясцовай парафіі хустку, якую Марыя мела на сабе падчас Звеставання і Нараджэння Езуса.

7 чэрвеня 2025 года ў санктуарыі адзначалася 1000-годдзе крыпты, што знаходзіцца пад святыняй.

Шартр ляжыць на скрыжаванні пілігрымкавых шляхоў да Санцьяга-дэ-Кампастэла і Мон-Сен-Мішэль.
 

10 красавіка 2026, 08:34