Амерыканскі цэнтр: адток вернікаў з Касцёла стаў глабальным
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Даследаванне цэнтра “Pew Research”, апублікаванае 23 красавіка 2026 года, ахапіла 24 краіны на розных кантынентах. Вынікі паказваюць, што з’ява “рэлігійнага пераключэння” – змены веры ў дарослым узросце – негатыўна ўплывае на колькасць католікаў.
У большасці апытаных дзяржаў Касцёл губляе больш людзей, чым залучае новых. Тыя, хто пакідае каталіцтва, часцей за ўсё або пераходзяць у пратэстантызм, або цалкам адмаўляюцца ад рэлігійнай прыналежнасці.
Нягледзячы на страты, Каталіцкі Касцёл захоўвае статус рэлігіі большасці ў 8 краінах. У Польшчы 92 працэнта дарослых па-ранейшаму ідэнтыфікуюць сябе як католікі, хоць выхавана ў гэтай традыцыі было 96 працэнтаў. Аналагічная сітуацыя на Філіпінах. Аднак у Заходняй Еўропе лічбы больш трывожныя: у Іспаніі католікамі сябе лічаць толькі 45 працэнтаў дарослых (пры 80 працэнтах выхаваных у веры), а ў Францыі – толькі 34 працэнта. У Злучаных Штатах Амерыкі гэты паказчык складае ўсяго 17 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва.
Цікава, што Венгрыя стала адзінай краінай у даследаванні, дзе Касцёл паказаў чысты прырост: там 5 працэнтаў дарослых далучыліся да каталіцтва, у той час як пакінулі яго толькі 2 працэнта.
У іншых рэгіёнах, такіх як Лацінская Амерыка і Афрыка (Бразілія, Кенія, Нігерыя), былыя католікі часцей становяцца пратэстантамі, чым нерэлігійнымі людзьмі. Пры гэтым у Еўропе назіраецца тэндэнцыя да поўнага адыходу ад хрысціянства.
Эксперты адзначаюць, што колькасць дарослых, якія прымаюць хрост, будучы выхаванымі ў іншых традыцыях або без рэлігіі, застаецца адносна невялікай. Напрыклад, у Італіі кожны пяты жыхар (22 працэнта) – гэта былы католік, які пакінуў веру, у той час як колькасць новых вернікаў, што прыйшлі ў Касцёл з іншага асяроддзя, складае ўсяго 1 працэнт.
Тым не менш, у Францыі ў 2026 годзе была зафіксавана рэкордная колькасць хростаў дарослых – больш за 21 тысячу чалавек, што дае пэўную надзею на аднаўленне дынамікі развіцця супольнасці.