Салідарнасць з Папам: дзень малітвы за мір у Касцёле ў Італіі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Мы, хрысціяне, ведаем, што можна спадзявацца насуперак усякай надзеі”, нават нягледзячы на смерць, прысутную “ў гвалце, ранах свету, крыку пакут, які ўздымаецца паўсюль з прычыны злоўжыванняў, што прыгнятаюць найслабейшых, з прычыны пакланення ідалу прыбытку, што рабуе рэсурсы зямлі, з прычыны гвалту вайны, што забівае і нясе разбурэнне”, - нагадаў кардынал Матэа Дзупі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі.
“Таму мы запрашаем святароў, манахаў, манахінь і ўвесь народ вернікаў прыняць удзел у чуванні пад кіраўніцтвам Папы або сабрацца на малітву ў мясцовых супольнасцях: давайце спынім вір болю, пакут і разбурэння, скажам наша “не” вайне, не будзем прызвычайвацца да жаху”, - заахвоціў у спецыяльным звароце арцыбіскуп Балонні.
Заклік Папы
Звяртаючыся да вернікаў з пасланнем перад святочным апостальскім благаслаўленнем “Urbi et Orbi”, Пантыфік нагадаў, што “Хрыстус прайшоў праз смерць, каб даць нам жыццё і мір”.
“Спакой, які дае нам Хрыстус, не той, што проста прымушае замаўчаць зброю, але той, што закранае і змяняе сэрца кожнага з нас! Давайце звернемся да міру Хрыста! Давайце зробім чутным заклік да міру, які ідзе з сэрца! Для гэтага я запрашаю ўсіх далучыцца да мяне ў малітоўным чуванні, якое пройдзе тут, у Базіліцы Святога Пятра, у наступную суботу, 11 красавіка”, - сказаў Святы Айцец.