Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
На распачанне Пасхальнага Трыдуума біскуп Гродзенскі запрасіў нанова адкрыць дар Эўхарыстыі. 2 красавіка 2026 года, у Вялікі чацвер, біскуп Уладзімір Гуляй цэлебраваў у гродзенскай катэдры Імшу Вячэры Пана. У гаміліі ён адзначыў, што вечар Вялікага чацвярга заклікае "нанова адкрыць для сябе Эўхарыстыю не як абавязак, не як нешта звыклае і аўтаматычнае, а як невымоўны дар, як Божую блізкасць, якая пераўзыходзіць усе чалавечыя ўяўленні". На літургіі іерарх абмыў ногі дванаццаці мужчынам і адзначыў, што гэты жэст "адкрывае ўнутраную логіку Эўхарыстыі, паказвае, чым яна павінна станавіцца ў жыцці таго, хто прымае Цела і Кроў Пана".
У Мінску праходзіць "Ноч і дзень канфесіяналаў". З Вялікай пятніцы на Вялікую суботу, з 3 на 4 красавіка 2026 года, у парафіі Божага Цела ў Мінску, дзе душпастырскае служэнне нясуць айцы кармэліты босыя, прайшла "Ноч канфесіяналаў". А падчас чування ў Вялікую суботу, якое працягваецца да Пасхальнай Вігіліі, таксама ёсць магчымасць у кожнага прыступіць да сакрамэнту споведзі.
У гродзенскай семінарыі прайшлі рэкалекцыі на тэму распазнання паклікання. З 27 па 29 сакавіка 2026 года ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі адбыліся рэкалекцыі, у якіх удзельнічалі звыш 50 юнакоў з розных дыяцэзій. Падчас трох дзён яны прымалі ўдзел у набажэнствах, разважалі над Божым Словам, слухалі канферэнцыі. Галоўным пунктам праграмы рэкалекцый стала Імша ў катэдры, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі.
Юбілей адзначыла галоўны рэдактар часопісаў "Ave Maria" і "Наша вера". 30 сакавіка 2026 года Крыстыне Лялько споўнілася 70 гадоў. Гэта пісьменніца, паэтка, перакладчыца, заснавальніца і галоўны рэдактар флагманаў беларускай каталіцкай перыёдыкі, дама папскага медаля "Benemerenti" ("Асабліва заслужаным"). З гэтай нагоды Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, а таксама Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі скіравалі юбілярцы віншаванні і пажаданні.
У Гродне арганізавалі абед для людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе. Перад Вялікаднем дабрачыннае каталіцкае таварыства "Caritas" пачаставала абедам каля 130 чалавек. Паводле прадстаўнікоў таварыства, такім чынам яно падарыла гэтым людзям "сапраўдную магчымасць адзінства": "яны атрымалі не толькі гарачую ежу, але і тое, што часта даражэй за хлеб – увагу, павагу і чалавечае цяпло". На абед завітаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, які звярнуўся да прысутных са словамі падтрымкі і надзеі, нагадаўшы, што Вялікдзень – час, калі святло ўваскрасення дакранаецца да кожнага, незалежна ад таго, праз што ён праходзіць.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.