Пошук

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агульнабеларуская навэнна, "абуджэнне аргана", ліквідацыя парафій – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Будславе праходзіць сёмы дзень Агульнабеларускай навэнны. 11 красавіка 2026 года ў Нацыянальным санктуарыі і ў парафіях архідыяцэзіі адбываюцца набажэнствы ў сёмы дзень Агульнабеларускай навэнны, праз якую Касцёл у Беларусі рыхтуецца да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і якая з’яўляецца выразам удзячнасці Богу за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. У красавіку вернікі моляцца ў інтэнцыі перапрашэння Божай Міласэрнасці і прысвячэння Мінска-Магілёўскай Мітраполіі Божай Міласэрнасці. Адказнымі за правядзенне сёмага дня навэнны ў Будславе вызначаны айцы міхаліты і сёстры Маці Божай Міласэрнасці.

Пазбаўлены рэгістрацыі тры грэка-каталіцкія парафіі ў Пінскай дыяцэзіі. У Вярхоўным судзе Беларусі 9 красавіка 2026 года не задаволілі скаргу парафіі Святых Братоў Апосталаў Пятра і Андрэя ў Брэсце, якая была ліквідаваная па рашэнні Брэсцкага абласнога суда. Пра гэта паведамілі грэка-католікі Беларусі на сваіх афіцыйных старонках у сацсетках. Той жа суд ліквідаваў дзве астатнія рэлігійныя арганізацыі грэка-католікаў у Брэсцкай вобласці: парафію Святых Кірылы і Мятода ў Баранавічах і парафію Маці Божай Жыровіцкай у Івацэвічах. Вернікаў гэтых супольнасцяў даручылі заступніцтву Багародзіцы і беларускіх мучанікаў.

"Абуджэнне аргана" адбылося ў мінскай парафіі Божага Цела. 6 красавіка 2026 года, у Велікодны панядзелак, святую Імшу ў гэтай парафіі, дзе служаць айцы кармэліты, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ён выказаў падзяку і пажадаў шчодрага благаслаўлення ўсім тым, хто прыклаў намаганні, каб у новазбудаваным касцёле з’явіўся арган, і тым, хто будзе іграць на ім, праслаўляючы Хрыста. Ганаровую місію "абуджэння" аргана выканаў галоўны арганіст мінскага катэдральнага касцёла Уладзімір Неўдах. Пасля Імшы адбыўся першы канцэрт.

Айцы піяры здзейснілі велікодны візіт да біскупа Аляксандра Кашкевіча. У межах актавы Вялікадня айцы піяры, якія служаць у Шчучыне і Лідзе, наведалі біскупа эмерыта Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэча піяраў з ганаровым іерархам адбылася ў яго рэзідэнцыі – рэкалекцыйным доме ў Сапоцкіне. Госці выказалі біскупу ўдзячнасць за служэнне, паколькі гэты год для яго знамянальны – адзначаецца 35-я гадавіна з часу заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і адпаведна яго прызначэння яе першым біскупам.

У Магілёве адбылася Велікодная Імша і спектакль пра святую Кацярыну Сіенскую. 5 красавіка 2026 года, у Велікодную нядзелю, у парафіі святога Антонія Падуанскага ўрачыстую Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі айцы клярэтыны, якія нясуць служэнне ў парафіі і завяршаюць будаўніцтва новага касцёла. Пасля Імшы дзеці і моладзь парафіі прадставілі велікодны спектакль. Сёлета ён быў прысвечаны святой Кацярыне Сіенскай – адной з найвялікшых жанчын у гісторыі Касцёла, апякунцы Еўропы і прыкладу непахіснай адвагі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.
 

11 красавіка 2026, 09:00