Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Мінску адбылася Імша за спачылага Папу Францішка ў гадавіну яго смерці. 21 красавіка 2026 года Эўхарыстыю ў архікатэдральным касцёле цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Падчас гаміліі ён прывёў некалькі прыкладаў з прамоў Пантыфіка, нагадаў яго парады і заахвоціў прытрымлівацца іх, каб "заўсёды ісці наперад, маючы перад вачыма Хрыста".
Біскуп Гродзенскі сустрэўся з дыяканамі, якія завяршаюць вучобу ў семінарыі. 17 красавіка 2026 года біскуп Уладзімір Гуляй запрасіў на Імшу ў сваю хатнюю капліцу ў будынку курыі дыяканаў, якія заканчваюць шосты год вучобы ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі. На літургіі іерарх звярнуўся да іх з гаміліяй і назваў ключом да разумення паклікання ўсведамленне таго, што "калі Бог пачаў, Ён і давядзе да канца". Ардынарый адзначыў, што гэта асабліва важна асэнсаваць перад прэзбітэрскім пасвячэннем і падкрэсліў, што будучыня "залежыць не ад таго, наколькі вы моцныя, а ад таго, наколькі вы здольныя давяраць".
У Мінску з удзелам іерархаў адзначылі 25-годдзе руху "Маці ў малітве" ў Беларусі. 18-19 красавіка 2026 года ў касцёле Божага Цела прайшло ўрачыстае святкаванне срэбранага юбілею дзейнасці руху. У першы дзень урачыстую святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. На юбілейную сустрэчу прыбыло амаль 400 прадстаўніц руху з розных парафій усіх чатырох дыяцэзій Беларусі. "Вы – жаночая духоўная армія Езуса Хрыста! У вашых руках не зброя, але малітва", – звярнуўся іерарх. У прамоўленай гаміліі ён павіншаваў удзельніц руху з юбілеем і нагадаў, што гэты малітоўны рух быў заснаваны падчас яго служэння ў Расіі і 25 гадоў таму прыйшоў адтуль у Беларусь: "Невялікі Касцёл у Расіі падараваў яго вялікаму беларускаму Касцёлу".
Біскуп Віцебскі правёў рэкалекцыі для святароў у Сапоцкіне. 20-23 красавіка 2026 года ў рэкалекцыйным доме прайшлі духоўныя практыкаванні для духавенства, у якіх удзельнічала 25 святароў Гродзенскай дыяцэзіі. Біскуп Алег Буткевіч засяродзіў увагу на тым, што задача святара – умацоўваць людзей у веры, пры гэтым падкрэсліўшы, што святару трэба клапаціцца і аб уласным духоўным развіцці. Біскуп нагадаў пра важнасць посту і асабістай малітвы ў жыцці святара.
Катэхетычны каледж у Баранавічах абвясціў набор студэнтаў. У наступным навучальным годзе катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага запрашае атрымаць адукацыю па спецыялізацыях: катэхетыка, агульная тэалогія, сямейнае кансультаванне, а таксама кансультаванне ў галіне залежнасцяў. Форма навучання – завочная, а працягваецца яно тры гады. Пры гэтым навучанне бясплатнае, а іншагароднія студэнты падчас заняткаў у каледжы забяспечваюцца начлегам і сілкаваннем.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by, pinskdiocese.by і ўласнай інфармацыі.