Пошук

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ля сядзібы СМІ Святога Пасада Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ля сядзібы СМІ Святога Пасада 

Арцыбіскуп Станеўскі ў Рыме: недахоп святароў і “Беларусікум”

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі падзяліўся ў Рыме перспектывамі стварэння беларускага душпастырскага асяродка і расказаў пра кадравыя выклікі, з якімі сутыкаецца Касцёл у Беларусі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі бярэ ўдзел у Генеральнай асамблеі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Італіі, якая праходзіць у гэтыя дні ў Ватыкане. Як ён адзначыў у інтэрв’ю “Vatican News”, прысутнасць іерархаў з іншых краін на такім форуме трэба разумець праз саму прыроду паўсюднасці Касцёла, і гэта даўняя традыцыя.

Сувязі паміж краінамі і епіскапатамі маюць глыбокія гістарычныя карані. “Італьянскі Касцёл шмат гадоў прымаў беларускіх дзяцей на адпачынак пасля чарнобыльскай трагедыі”, - узгадвае арцыбіскуп Станеўскі сваю паездку ў Гавіратэ ў якасці семінарыста яшчэ ў 1994 годзе: ён суправаджаў групу з Беларусі.

Прысутнасць беларускага голасу на італьянскім форуме падкрэслівае ўніверсальнасць Касцёла, дзе розныя па структуры краіны аб’яднаны адной верай і супольнымі выклікамі ў свеце, які няспынна змяняецца.

Асобным пунктам для беларускіх вернікаў застаецца стварэнне ўласнай духоўнай пляцоўкі ў Вечным горадзе.

Як прызнаўся іерарх, далей актыўна абмяркоўваецца ідэя праекта “Беларусікум”, бо, на яго думку, у Рыме не хапае жывой беларускай каталіцкай прысутнасці.

У адрозненне ад вялікіх нацыянальных дамоў, гэтая ініцыятыва бачыцца арцыбіскупу больш рэалістычнай праз арганізацыю душпастырства. Святары з Беларусі маглі б працаваць на базе рымскай парафіі, дапамагаючы землякам, студэнтам і пілігрымам. “Каб яны мелі месца, дзе маглі б затрымацца, падзяліцца, сустрэцца, каб нас убачылі і пачулі”, - адзначыў іерарх, дадаючы, што гэта дазволіць дзяліцца багатымі літургічнымі і народнымі традыцыямі нашай краіны.

Для рэалізацыі гэтай ініцыятывы неабходна накіраваць святароў. Аднак пытанне кадраў застаецца вострым: колькасць духавенства ў самой Беларусі паступова памяншаецца, асабліва ва ўсходніх рэгіёнах. На Магілёўшчыне адзін святар вымушаны абслугоўваць па тры парафіі, пераадольваючы сотні кіламетраў.

Сітуацыя ўскладняецца і тым, што святары з Польшчы, якія служылі дзесяцігоддзямі, усё часцей не атрымліваюць дазволу на далейшую працу. У такіх умовах накіраванне людзей у Рым пакуль застаецца хутчэй надзеяй, чым бліжэйшай перспектывай.

Сучасныя выклікі патрабуюць адказнасці кожнага верніка за будучыню парафіяльнай супольнасці.

Гаворачы аб магчымасці запрашэння святароў з далёкіх краін, у тым ліку з Азіі ці Афрыкі, арцыбіскуп Станеўскі падкрэсліў, што Касцёл не мае межаў. Хоць святары з суседніх краін ментальна бліжэйшыя, для евангельскай любові колер скуры ці мова не з’яўляюцца перашкодай.

Тым не менш іерарх перакананы, што беларуская каталіцкая супольнасць павінна быць самадастатковай. “Кожная сям’я, дзяржава і Касцёл – гэта сям’я сем’яў”, - заўважыў ён, заклікаючы саміх вернікаў і ў першую чаргу бацькоў больш актыўна спрыяць пакліканням.

Асобнае месца ў візіце заняў удзел у ватыканскай прэзентацыі першай энцыклікі Льва XIV “Magnifica humanitas”, якую Папа прадставіў асабіста. Дакумент звяртаецца да глабальных выклікаў штучнага інтэлекту. Арцыбіскуп падзяліўся ўражаннямі ад тэксту, падкрэсліўшы, што машына, нягледзячы на здольнасць аналізаваць, пазбаўлена душы. Галоўная думка энцыклікі – неабходнасць адкрыць чалавека ў чалавеку, бо кожны з нас – Божая істота, створаная па Яго падабенстве. Пантыфік заклікае свет стаць больш чалавечным у эпоху тэхналогій.

Арцыбіскупа Станеўскага чакае сустрэча з Львом XIV у межах пасяджэння італьянскага епіскапату. Ён мае намер чарговы раз выказаць падзяку Папу за духоўную падтрымку і паўтарыць запрашэнне наведаць Беларусь. “Мы паступова рыхтуемся да такога візіту праз малітву і праз канкрэтныя крокі”, - прызнаўся ён.

“Надзея не можа нас падвесці. Усё будзе добра. Бог з намі”, - рэзюмаваў іерарх, выказваючы веру ў тое, што лагодны павеў Божай любові адкрые новыя шляхі для Касцёла і грамадства.
 

28 мая 2026, 11:31