Біскуп Ачэры: клопат пра стварэнне павінен стаць часткай жыцця парафій
Марыя Валодзіна - Vatican News
На думку іерарха, хоць рэгіён і сутыкаецца з сур’ёзнымі экалагічнымі праблемамі, нельга зводзіць яго толькі да гэтага негатыўнага ярлыка. Тут жывуць працавітыя і гасцінныя людзі, захоўваюцца багатыя культурныя і гістарычныя традыцыі, а мясцовая зямля славіцца сваёй урадлівасцю і сельскагаспадарчымі дасягненнямі, - нагадаў старшыня Канферэнцыі Біскупаў Кампаніі і біскуп Ачэры.
Візіт Льва XIV у Ачэру адбудзецца 23 мая 2026 года ў кантэксце Тыдня “Laudato si’” і сведчыць пра пераемнасць двух апошніх пантыфікатаў у справе клопату пра наш агульны дом. Паводле біскупа Дзі Дона, энцыкліка “Laudato si’” – гэта не чыста экалагічны дакумент, а хутчэй дакумент у галіне сацыяльнага вучэння Касцёла, дакумент такой жа актуальнасці і гістарычнай глыбіні, як “Rerum novarum”. Аднак яго пасланне ўсё яшчэ недастаткова глыбока ўкаранілася ў паўсядзённым жыцці супольнасцей і парафій. Іерарх лічыць, што калі клопат пра стварэнне не будзе інтэграваны ў катэхезы, гаміліі, фармацыю вернікаў, то застанецца прэрагатывай эліты.
Біскуп Ачэры нагадаў, што праблема забруджаных зямель існуе не толькі ў гэтым рэгіёне Італіі, а распаўсюджана па ўсёй краіне, на поўначы, у цэнтры і на поўдні, таму трэба пазбавіць гэту мясцовасць стыгмы і глядзець на праблему шырэй. Ён падкрэсліў, што выхад магчымы толькі пры ўмове супрацоўніцтва ўсіх бакоў – дзяржавы, рэгіёна, мясцовых уладаў і грамадскіх арганізацый. Рэакцыя ўладаў спачатку была вельмі слабай, але сёння Касцёл вядзе з установамі дыялог, заахвочваючы іх прымаць канкрэтныя меры, такія як ачыстка тэрыторый і кантроль якасці паветра, - распавёў іерарх.
Ён адзначыў, што, нягледзячы на пэўныя крокі, неабходна ўмацаваць каардынацыю, забяспечыць бесперапыннасць і фінансаванне экалагічных праектаў, таму што рэабілітацыя забруджаных тэрыторый – дарагая і працаёмкая справа. Трэба таксама ўзмацніць маніторынг і назіранне за станам здароўя насельніцтва, - лічыць біскуп Дзі Дона.
Іерарх закрануў таксама сацыяльныя тэмы, такія як нелегальная праца і эксплуатацыя мігрантаў, адзначыўшы, што экалагічны крызіс заўсёды звязаны з сацыяльным крызісам і крызісам аховы здароўя.
Напрыканцы інтэрв’ю біскуп Дзі Дона заклікаў да пераадолення спажывецкага менталітэту і вяртання да здзіўлення і захаплення прыгажосцю Божага стварэння. Спажывецкае стаўленне да свету па прынцыпу “выкарыстаў і выкінуў” вядзе да панавання і рабавання. Людзі ўсё яшчэ супраціўляюцца і змагаюцца за перамены, але часам недавер бярэ верх, - заўважыў іерарх.