Кардынал Фрэнсіс: католікам Азіі не варта баяцца быць меншасцю
Марыя Валодзіна – Vatican News
Арцыбіскуп Пінанга (Малайзія) даў 18 мая 2026 года інтэрв’ю ватыканскім СМІ, у якім падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы азіяцкіх біскупаў з прадстаўнікамі ватыканскіх дыкастэрый. На 22 мая запланаваная аўдыенцыя Папы Льва XIV.
Па словах іерарха, візіт "ad limina" у Рым добра арганізаваны. Ён праходзіць у вельмі спакойнай працоўнай атмасферы, бо біскупы прыбылі са справаздачамі. На думку іерарха, візіт умацуе сувязь паміж біскупамі рэгіёна, а таксама адзінства з Паўсюдным Касцёлам пад кіраўніцтвам Льва XIV. Ён адзначыў, што сустрэчы з прадстаўнікамі ватыканскіх дыкастэрый адрозніваюцца якасцю дыскусій, асаблівай інтэнсіўнасцю, змястоўнасцю і мэтанакіраванасцю.
Кардынал Фрэнсіс паведаміў, што Касцёл у Малайзіі, Сінгапуры і Брунеі застаецца жывым і актыўным. Краіны мірныя і даволі стабільныя ў палітычным плане. Сінгапур і Бруней высокаразвітыя, Малайзія ідзе па шляху развіцця. Па словах іерарха, у гэтых краінах шмат дарослых людзей цікавяцца каталіцкай верай і просяць аб хросце, што заахвочвае душпастыраў надаваць асаблівую ўвагу евангелізацыі.
Іерарх падкрэсліў шматканфесійны, шматкультурны і шматмоўны характар краін рэгіёна. Ён заклікаў лічыць такую разнастайнасць не праблемай, а прывілеяй. На яго думку, адзінства ў разнастайнасці – гэта каштоўнасць, а разнастайнасць уключае ў сябе роўнасць. Гэтыя тры рэчы – адзінства, разнастайнасць і роўнасць – адлюстроўваюць хрысціянскае разуменне Тройцы і дазваляюць супольна адказваць на сучасныя выклікі, - заўважыў ён.
Кардынал Фрэнсіс перасцярог католікаў Азіі ад так званага “комплексу меншасці”. “Нават калі ў некаторых рэгіёнах Азіі ўсё яшчэ назіраецца пераслед, мы не павінны трапіць у пастку комплексу меншасці, комплексу пераследу. Вядома, ёсць рэальныя праблемы, але мы будзем і надалей распавядаць гісторыю Езуса ў Азіі”, - заключыў ён.