Пошук

Кардынал Майкл Чэрны падчас канферэнцыі "Благаслаўлёныя мучанікі перыяду камунізму"   Кардынал Майкл Чэрны падчас канферэнцыі "Благаслаўлёныя мучанікі перыяду камунізму"   (Dicastery for Promoting Integral Human Development/ DSSUI)

Кардынал Чэрны: няма сітуацый, калі нельга сведчыць пра Хрыста

“Няма такой прыніжальнай або несправядлівай чалавечай сітуацыі, у якой немагчыма сведчыць пра Хрыста”, - заўважыў кардынал Майкл Чэрны падчас канферэнцыі “Бласлаўлёныя мучанікі перыяду камунізму”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Форум прайшоў у Рыме напярэдадні беатыфікацыі ксяндзоў Яна Булы і Вацлава Дрбалы, якая адбудзецца 6 чэрвеня 2026 года ў чэшскім горадзе Брно. Гэтыя каталіцкія святары былі несправядліва абвінавачаныя падчас паказальных судовых працэсаў і пакараныя смерцю камуністычным рэжымам у Чэхаславакіі. Канферэнцыя, прысвечаная іх памяці, была арганізавана Пасольствам Чэхіі пры Святым Пасадзе ў Папскім калегіуме Nepomucenum.

У сваім выступе кардынал Чэрны, які мае чэшскія карані, зазначыў, што сведчанне гэтых мучанікаў за веру застаецца “святлом, якое прабіваецца праз цёмныя хмары гісторыі”, а таксама зернем пшаніцы, якое, “застаючыся схаваным дзесяцігоддзямі ў глебе Багеміі і Маравіі”, цяпер “прарастае перад нашымі вачыма”.

“Гэты парастак, які прабіўся праз замёрзлую глебу атэізму і прыгнёту, сведчыць, што ніякая жорсткасць не можа заглушыць Божае жыццё ў тых, хто давярае Яму”, - сказаў ватыканскі іерарх.

Па словах прэфекта, беатыфікацыя ксяндзоў Яна Булы і Вацлава Дрбалы, на якой ён будзе прысутнічаць у якасці спецыяльнага папскага легата, дае магчымасць “дакрануцца да жывых ран Касцёла і чэшскага народа, дакрануцца да рэальнасці абяцання Пана: “Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку””.

Кардынал Чэрны звярнуў увагу на каштоўнасць сведчання мужнасці і вернасці веры, якое далі будучыя благаслаўлёныя. “Камуністычны рэжым хацеў не толькі забіць іх; ён хацеў знішчыць іх святарскую тоеснасць; хацеў, каб яны здрадзілі, адракліся і адмовіліся ад сваёй веры”, - падкрэсліў ён, заўважаючы, што агонь выпрабаванняў, аднак, не знішчыў “золата іх веры”, а толькі “спаліў прымешкі чалавечага страху”.

Іерарх адзначыў, што святары маглі выбраць бяспеку і маўчанне, але замест гэтага мужна вызнавалі сваю веру аж да прыняцця смерці, стаўшы зернем новых хрысціян і прароцтвам перамогі дабра над злом.
 

21 мая 2026, 11:53