Пошук

Кардынал Рэйнхард Маркс Кардынал Рэйнхард Маркс  (AFP or licensors)

Кардынал Маркс: пантыфікат Льва XIV – гэта служэнне міру

Набліжаецца першая гадавіна пантыфікату Льва XIV. Амерыканскі кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост быў абраны Папам 8 мая 2025 года. Думкамі пра першы год яго служэння падзяліўся арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі.

Ян Глінскі

Нямецкі кардынал Рэйнхард Маркс падкрэсліў, што Святы Айцец першы год свайго пантыфікату прысвяціў служэнню міру ў свеце, а служэнне яго было прасякнута “імкненнем да прымірэння і адзінства”. Як дадаў іерарх, “Папа неаднаразова і выразна выказваўся супраць вайны і тэрору, а таксама ўздымаў свой голас у абарону бедных і прыгнечаных”.

“За гэта, – падкрэсліў кардынал Маркс, – я вельмі ўдзячны яму ў гэтыя цяжкія часы, калі вайна прымаецца і нават наўмысна выкарыстоўваецца многімі ўплывовымі коламі.”

Да гадавіны абрання Льва XIV у мюнхенскай катэдры адбудзецца святая Імша, якую ўзначаліць кардынал Маркс. “Мы хочам падзякаваць за пантыфікат Папы Льва XIV і папрасіць Божага благаслаўлення на яго служэнне”, - адзначыў нямецкі іерарх, дадаўшы, што будзе ўшанавана таксама памяць спачылага Папы Францішка.

“Папа Леў XIV, хоць і не вельмі падобны да свайго папярэдніка, тым не менш застаецца ў відавочнай пераемнасці з Папам Францішкам, які заўсёды звяртаў увагу свету на адчужаных і нястомна працаваў дзеля міру і прымірэння. Гэта сведчанне незабыўнае!” - падкрэсліў арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі.
 

01 мая 2026, 08:35