Пошук

Кардынал Луіс Антоніа Тагле Кардынал Луіс Антоніа Тагле 

Кардынал Тагле ў Бурундзі: быць узорамі веры і міласэрнасці

Прапрефект Дыкастэрыі па евангелізацыі прыбыў 16 мая 2026 года з візітам у Бурундзі. Галоўнай мэтай падарожжа стала святкаванне 75-годдзя Вышэйшай духоўнай семінарыі cвятога Пятра Клавера ў Бурасіры.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У міжнародным аэрапорце сталіцы кардынала Луіса Антоніа Тагле цёпла сустракалі шматлікія вернікі, святары і кансэкраваныя асобы. Падчас урачыстай Імшы ён перадаў усім прысутным словы бацькоўскай блізкасці і прывітанне Льва XIV: “Супакой вам”. Ён станоўча ацаніў бягучыя фармацыйныя праекты Касцёла ў Бурундзі: падрыхтоўчую вышэйшую семінарыю ў Чыбітоке і будаўніцтва новай вышэйшай семінарыі імя арцыбіскупа Майкла Кортні ў Мінаго, у дыяцэзіі Руігі. Менавіта там у 2003 годзе быў забіты апостальскі нунцый у Бурундзі арцыбіскуп Майкл Кортні, помнік якому асвяціў у 2025 годзе кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін.

У гаміліі, прысвечанай таямніцы Апошняй Вячэры і яе значэнню для святарскай фармацыі, кардынал Тагле вылучыў тры асноўныя тэмы: касцёльную еднасць, разнастайнасць супольнасці і малітву. Ён падкрэсліў, што кожная семінарыя павінна быць “вячэрнікам”, дзе будучыя святары вучацца жыць у еднасці з пераемнікам апостала Пятра і пад яго кіраўніцтвам – cum Petro et sub Petro. Ён нагадаў словы Хрыста пра апостала Пятра: гэта камень, на якім пабудаваны Касцёл. Ён адзначыў, што еднасць з Папам і біскупамі гарантуе вернасць крыніцы веры.

Асобную ўвагу іерарх прысвяціў разнастайнасці ў Касцёле. Разважаючы пра прысутнасць Марыі разам з апосталамі на Апошняй Вячэры, ён падкрэсліў, што фармацыя будучых святароў датычыць усяго народа Божага. Кожны вернік пакліканы ўдзельнічаць у жыцці семінарыі праз малітву і матэрыяльную падтрымку.

Трэцяй тэмай гаміліі стала малітва як аснова святарскага служэння. Кардынал Тагле адзначыў, што малітва была зброяй служэння Хрыста да самага канца, да вяршыні Галготы, і нагадаў будучым святарам аб тым, што Езус з'яўляецца іх заступнікам перад Айцом.

Напрыканцы гаміліі кардынал Тагле ўшанаваў памяць апекуна семінарыі – святога Пятра Клавера, езуіта, які прысвяціў жыццё служэнню афрыканскім рабам у Калумбіі XVII стагоддзя. На працягу 44 гадоў ён карміў, даглядаў, апранаў, лячыў, суцяшаў і катэхізаваў афрыканцаў, сам пакутаваў ад непаразумення і адрынутасці, але застаўся верным Евангеллю і служэнню найбольш пакрыўджаным, - нагадаў іерарх.
Кардынал Тагле заклікаў вернікаў памятаць, што шлях да Уваскрасення вядзе праз крыж і муку, а пастыры Касцёла павінны быць узорамі веры, міласэрнасці і малітвы для сваіх супольнасцей.

19 мая 2026, 12:55