Кардынал Грэк заклікаў Касцёл у Германіі да сінадальнай гармоніі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Удзел высокага прадстаўніка Святога Пасада ў 104-м форуме "Katholikentag" стаў знакам асаблівай увагі да Касцёла ў Германіі. Кардынал Марыё Грэк не толькі выступіў з прамовай у кангрэс-цэнтры, але і актыўна ўдзельнічаў у жыцці форуму: наведваў стэнды ў цэнтры горада і канцэлебраваў заключную святую Імшу.
У сваім слове іерарх падкрэсліў, што Леў XIV застаецца блізкім да нямецкіх католікаў, падтрымліваючы іх у імкненні да еднасці.
Сінадальнасць як сімфонія, дзе кожны інструмент важны для агульнай гармоніі
Падчас дыскусіі ў Вюрцбургу кардынал Грэк прапанаваў метафару сімфоніі для тлумачэння сутнасці сінадальнасці. Ён адзначыў, што кожны ўдзельнік мае сваю ролю, але галоўная мэта – сугучнае выкананне, якое забяспечваецца сувяззю паміж удзелам і супольнасцю.
На думку іерарха, сапраўдныя сінадальныя працэсы не павінны ператварацца ў палітычныя спрэчкі ці галасаванне большасці. Замест гэтага яны патрабуюць глыбокага духоўнага распазнання праз узаемнае слуханне і адкрытасць на дзеянне Духа Святога.
Кіраўнік сінадальнага сакратарыята заклікаў не баяцца складаных пытанняў, бо яны дапамагаюць даходзіць да сутнасці рэчаў. Розная пазіцыя ўнутры Касцёла павінна станавіцца крыніцай узаемнага ўзбагачэння, а не канфліктаў. Пры гэтым кардынал нагадаў, што разважанні аб ролі Божага народа павінны грунтавацца на вучэнні Другога Ватыканскага Сабора.
Духоўнасць як засцярога ад прасоўвання ўласных праектаў замест Божай волі
Адказваючы на пытанні Крысцінэ Зус з нямецкай рэдакцыі “Vatican News” аб магчымым недаверы да шляху, якім ідуць мясцовыя католікі, кардынал Грэк падкрэсліў, што бачыць у Германіі жывую супольнасць, а не "мёртвы Касцёл". Ён заўважыў, што мясцовыя біскупы – гэта не пужлівыя чыноўнікі, а пастыры, якія ідуць разам са сваім народам.
У размове іерарх прыгадаў словы аднаго з удзельнікаў форуму аб тым, што Касцёлу патрэбна моцная духоўнасць, інакш існуе рызыка прасоўвання ўласных ідэй замест выканання Божай волі.
Важнай навіной падчас візіту ў Вюрцбург стала паведамленне аб падрыхтоўцы саккратарыятам Сінода спецыяльнага дакумента, які выйдзе ў бліжэйшыя дні. Гэта дапаможнік для мясцовых Касцёлаў на шляху да Генеральнай асамблеі 2028 года. Па словах кардынала Грэка, ён будзе грунтавацца на рэфлексіі, якая ідзе ад самай базы – ад кожнай парафіі і дыяцэзіі.
Зараз Касцёл знаходзіцца ў стадыі ўвасаблення ў жыццё выніковага дакумента Сінода. Мясцовыя супольнасці запрошаны пераўтвараць тэарэтычныя напрацоўкі ў рэальны досвед, вынікі якога праз Канферэнцыі Біскупаў будуць перададзены ў Ватыкан. Мэта гэтага працэсу – супольна шукаць адказы на актуальныя выклікі, каб да 2028 года Касцёл змог падзяліцца спелымі пладамі сінадальнага шляху.