Пошук

Катэдра святых Пятра і Паўла ва Улан-Батары Катэдра святых Пятра і Паўла ва Улан-Батары 

Касцёл у Манголіі адкрыў цэнтр даследаванняў культуры

У Улан-Батары пры катэдральным комплексе адкрыўся Цэнтр даследаванняў мовы і культуры, закліканы дапамагчы місіянерам у глыбейшым разуменні мясцовай спадчыны і грамадства Манголіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Новая навуковая ўстанова паўстала як адказ на надзённыя душпастырскія патрэбы невялікай супольнасці. Яе галоўная задача – забеспячэнне пастаяннай падрыхтоўкі для супрацоўнікаў Касцёла, уключаючы катэхетаў і замежных місіянераў. Праца цэнтра будзе сканцэнтравана на паглыбленні ведаў у галіне гісторыі, рэлігіі і грамадскага ладу краіны, а таксама на падтрымцы лінгвістычных пошукаў.

Інаўгурацыя Цэнтра сімвалічна супала з Душпастырскім тыднем – найважнейшай штогадовай падзеяй для католікаў Манголіі. Урачыстасць ператварылася ў сапраўднае свята мясцовай ідэнтычнасці: госці змаглі пачуць традыцыйныя спевы пад акампанемент марын хуура – нацыянальнага струннага інструмента. У якасці інтэлектуальнага ўступу да дзейнасці ўстановы прагучала лекцыя, прысвечаная самабытнасці мангольскага народа.

Кардынал Джорджа Марэнга, апостальскі прэфект ва Улан-Батары, падкрэсліў, што гэтая ініцыятыва з’яўляецца часткай шырокага працэсу інкультурацыі. Паводле слоў іерарха, важна, каб кожны, хто прыязджае сюды з місіяй, мог размаўляць з народам не толькі на адной мове, але і на ўзроўні агульных культурных каштоўнасцей.

Тэма сёлетняга форуму, які сабраў каля 90 удзельнікаў з усёй краіны, – "Ласка і місія Каталіцкага Касцёла ў Манголіі". Сярод гасцей быў айцец Джакама Коста, кансультант Генеральнага сакратарыята Сінода Біскупаў. Кардынал Марэнга заклікаў прысутных паглядзець на сваю супольнасць "вачыма веры і вачыма Бога", каб лепш зразумець сваё пакліканне ў гэтым краі.

Касцёл у Манголіі застаецца адным з самых маладых у свеце. Гэта сапраўдны "малы статак": налічваецца каля 1450 вернікаў, аб’яднаных у дзевяць парафій. Нягледзячы на тое, што большасць з 29 святароў – замежнікі, супольнасць дэманструе імклівы рост: з 2003 года колькасць католікаў павялічылася амаль у 9 разоў. Гэты дынамізм быў падтрыманы візітам Папы Францішка ў 2023 годзе.
 

12 мая 2026, 11:51