Пошук

Вялікдзень у каталіцкім касцёле ў Індыі. Ілюстрацыйнае фота Вялікдзень у каталіцкім касцёле ў Індыі. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Прыгнёт аб’яднаў хрысціянскія Цэрквы ў Індыі

Хрысціянскія Цэрквы Індыі стварылі супольную нацыянальную платформу для лепшай абароны ад палітычных і сацыяльных рэпрэсій у краіне. Нацыянальную федэрацыю Цэркваў Індыі (NFCI) узначаліў кардынал Энтані Пула, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Індыі.

Ян Глінскі

8 мая 2026 года ў Бангалоры, сталіцы штата Карнатака, прайшоў устаноўчы сход асацыяцыі, у якім прынялі ўдзел 45 біскупаў і дэлегатаў розных хрысціянскіх Цэркваў і канфесій.

Федэрацыя была створана ў адказ на заклапочанасць шматлікімі актамі насілля ў дачыненні да духавенства і вернікаў, парушэнне правоў хрысціян у краіне, увядзенне строгіх законаў у некалькіх індыйскіх штатах, якія забараняюць пераход у хрысціянства.

Асацыяцыя NFCI, з’яўляючыся “вяхой для экуменізму і царкоўнага адзінства” ў Індыі, будзе вырашаць пытанні, якія закранаюць Цэрквы і хрысціянскую супольнасць па ўсёй краіне. Федэрацыя будзе імкнуцца да бачнага адзінства паміж Цэрквамі-членамі, паважаючы пры гэтым традыцыі і структуры кожнай з іх.

Лічбы і статыстыка

Паводле розных ацэнак, хрысціяне ў Індыі складаюць крыху больш за 2 працэнты ад агульнай колькасці насельніцтва краіны, якое перавышае 1,4 мільярда чалавек. Больш за 80 працэнтаў насельніцтва – індуісты.

Згодна з апошняй справаздачай гуманітарнай арганізацыі аб рэлігійнай свабодзе за 2025 год, індуісцкая нацыяналістычная рыторыка, рэлігійная варожасць і юрыдычныя абмежаванні рэзка ўзраслі. У дванаццаці штатах цяпер дзейнічаюць законы супраць пераходу ў хрысціянства. Акрамя дзяржаўных рэпрэсій, мясцовыя хрысціяне неаднаразова паведамлялі пра напады з боку агрэсіўных груповак, якія ў выніку не прыцягваюцца да адказнасці.

15 мая 2026, 10:36