Біскуп пра візіт Папы на Канарскія астравы і міграцыю
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папскі візіт, запланаваны на 11 чэрвеня 2026 года, мае глыбокае сімвалічнае значэнне. Леў XIV працягвае лінію свайго папярэдніка Францішка, разглядаючы падарожжа на архіпелаг як жэст падтрымкі Іспаніі і ўсёй Еўропы перад абліччам складаных выклікаў.
На Канарскіх астравах Пантыфіка будзе вітаць біскуп Хасэ Масуэлас – 65-гадовы іерарх, які спалучае ў сваім служэнні досвед пастыра, тэолага і медыка. Да паступлення ў семінарыю ён працаваў урачом, а пазней атрымаў доктарскую ступень па маральнай тэалогіі ў Папскім Латэранскім універсітэце ў Рыме.
Прыгатаванне да сустрэчы
Арганізацыя падзеі такога маштабу патрабуе вялікіх высілкаў. Як адзначыў біскуп Масуэлас у размове з “ACI Prensa”, лагістыка ўскладняецца неабходнасцю перапраўкі матэрыялаў морам. Акрамя тэхнічных пытанняў, вядзецца інтэнсіўная духоўная праца: рыхтуецца літургія, у якой прыме ўдзел хор з больш чым 300 чалавек. На сённяшні дзень на святую Імшу з удзелам Папы ўжо запісаліся звыш 40 тысяч вернікаў.
Галоўнымі выклікамі для мясцовага Касцёла застаюцца міграцыя і секулярызацыя. Асаблівую ролю ў дапамозе патрабуючым адыгрывае “Caritas”, дзе працуюць больш за 1200 валанцёраў. Арганізацыя апякуецца непаўналетнімі мігрантамі і забяспечвае сотні людзей штодзённым харчаваннем.
Паралельна з гэтым Касцёл сутыкаецца з наступствамі масавага турызму, які паскорыў культурныя змены і паслабіў традыцыйную рэлігійнасць. Тым не менш, іерарх заўважае прыкметы духоўнага абуджэння сярод людзей, стомленых спажывальніцтвам.
Міграцыя: паміж палітыкай і Евангеллем
Праграма візіту прадугледжвае наведванне порта Аргінегін на Гран-Канарыі – месца, куды прыбываюць лодкі з мігрантамі. Біскуп Масуэлас перасцерагае, што тэма міграцыі часта становіцца аб’ектам палітычных маніпуляцый, аднак падкрэслівае: Касцёл застанецца верным прынцыпам Евангелля, абараняючы годнасць чалавека і яго права жыць на Радзіме без прымусовай эміграцыі.
Па словах іерарха, Леў XIV, сфарміраваны на спадчыне святога Аўгустына, добра ведае рэаліі Іспаніі. Яго голас павінен стаць заклікам да адказнасці развітых краін за сітуацыю ў дзяржавах, адкуль бягуць людзі, у прыватнасці з Венесуэлы і Кубы. Касцёл выступае не за нелегальную міграцыю, а за ўпарадкаваныя працэсы, заснаваныя на балансе паміж агульнай карысцю і гуманнасцю.
Абарона жыцця і надзея на адзінства
Асобнае месца ў парадку дня займае пытанне абароны жыцця. На фоне дыскусій аб зменах у іспанскай Канстытуцыі біскуп нагадаў пра рашучую пазіцыю Касцёла супраць абортаў і эўтаназіі. Ён выказаў упэўненасць у тым, што Папа будзе цвёрда адстойваць годнасць чалавека на кожным этапе існавання.
Гістарычным момантам візіту павінна стаць прамова Пантыфіка ў іспанскім парламенце. Чакаецца, што Наступнік Пятра закліча грамадства да пераадолення палярызацыі, аднаўлення адзінства і надзеі, даючы духоўны імпульс для ўсёй краіны.