Швейцарскі біскуп перасцярог ад духоўнага ціску на неафітаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На старонках свайго майскага звароту "Слова біскупа" пастыр дыяцэзіі Лазаны-Жэневы-Фрыбурга закрануў парадаксальную сітуацыю: на фоне агульнай секулярызацыі ў Швейцарыі расце колькасць людзей, якія свядома жадаюць прыняць хрост або канфірмацыю.
Гэты працэс іерарх называе радаснай з’явай, аднак адначасова бачыць у ім выклік для ўсяго Касцёла. Шмат хто з неафітаў прыходзіць з вельмі фрагментарнымі ведамі пра хрысціянства, не валодае рэлігійнай мовай і не заўсёды здольны скласці асобныя аспекты веравучэння ў цэласную карціну свету.
Як адзначае нямецкае каталіцкае агенцтва "KNA", менавіта гэтая ўразлівасць новых вернікаў выклікае занепакоенасць біскупа. Марэро перасцерагае душпастыраў і катэхетаў ад спроб празмернага духоўнага кантролю або навязвання веры ў форме жорсткіх, закрытых структур. Паводле яго слоў, вельмі важна, каб праз гады новыя католікі не маглі сказаць, што іх "фармавалі ў секце".
Біскуп падкрэслівае, што Касцёл не мае права прапаноўваць людзям, якія шукаюць Бога, "гатовыя формулы", што не пакідаюць месца для роздуму. Замест гэтага неабходна абвяшчаць Евангелле так, каб кожны чалавек мог зразумець яго праз прызму ўласнага жыццёвага вопыту і далучыцца да супольнасці па сваёй волі.
Пастыр настойвае на тым, што прыярытэтам павінна заставацца асабістае суправаджэнне. Вера не можа быць механічным засваеннем інфармацыі. Ключом да здаровай супольнасці швейцарскі біскуп лічыць спалучэнне грунтоўнай адукацыі з глыбокай павагай да правоў асобы, што дазваляе Касцёлу заставацца адкрытай прасторай для сустрэчы, а не герметычнай групай з прыкметамі сектанцтва.