Пошук

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Фэсты, новае мабільнае прыкладанне, смерць святара – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Іванаве праходзіць фэст святога Андрэя Баболі. 16 мая 2026 года, у дзень дыяцэзіяльнай урачыстасці, прысвечанай гэтаму нябеснаму заступніку Палесся і Пінскай дыяцэзіі, фэст традыцыйна распачаўся з малітоўнай працэсіі ад "Крыжоў Адзінства" да парафіяльнага касцёла. Гэта шлях мучаніцтва святога Андрэя. Пасля святой Імшы ў касцёле-санктуарыі пілігрымы будуць мець магчымасць асабіста памаліцца і ўшанаваць рэліквіі святога Андрэя Баболі. Таксама многія наведвальнікі санктуарыя моляцца пры старадаўнім крыжы каля алтара, які быў выкананы майстрам Напалеонам Ордам – іванаўскім парафіянінам.

У Шуміліне асвечаны касцёл Маці Божай Фацімскай. 13 мая 2026 года, у гадавіну першага фацімскага аб’яўлення, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч здзейсніў абрад пасвячэння святыні, якая вырасла з былога будынка Дома культуры. Парафія чакала гэтага моманту 26 гадоў – першая ўрачыстасць праходзіла ў Шуміліне ў 2000 годзе, пасля паступова ішла будоўля. Паводле біскупа Віцебскага, "гэты перыяд, напэўна, быў патрэбны для таго, каб святыня прыняла на сябе і сфармавала Жывы Касцёл". Пасля Імшы адбылася ўрачыстая ружанцовая працэсія з фігурай Маці Божай Фацімскай.

Адышоў у вечнасць духоўны айцец гродзенскай семінарыі. 15 мая 2026 года ксёндз Ян Сарэла памёр пасля цяжкай хваробы ва ўзросце 50 гадоў. Ён паходзіць з парафіі ў Тракелях і там будзе пахаваны 18 мая. Перад гэтым труна з целам святара будзе знаходзіцца ў семінарыйнай капліцы, затым – у касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію ў Лельчыцах. 13 мая 2026 года, ва ўспамін Маці Божай Фацімскай, арцыбіскуп узначаліў Эўхарыстыю ў касцёле, пад будаўніцтва якога асвячаў пляцоўку ў 1990 годзе. У гаміліі іерарх патлумачыў вернікам прарочы змест фацімскага паслання і заклікаў прысутных зрабіць адмысловую пастанову быць паслухмянымі закліку Маці Божай крочыць дарогай малітвы, пакланення Яе Беззаганнаму Сэрцу, пакаяння, а таксама быць светачамі ў духоўнай цемры сучаснага свету на шляху ў новую шчаслівую будучыню.

Святары і свецкія ў Беларусі запусцілі новае мабільнае прыкладанне. З 15 мая 2026 года запрацавала аплікацыя "Ласка", якая прапануе штодзённыя разважанні над фрагментам літургічнага чытання з Евангелля. Штодзённыя разважанні над урыўкам падаюцца ў выглядзе аўдыё і тэксту, падрыхтаваныя беларускімі святарамі, апрацаваныя рэдактарамі і скіраваныя на тое, каб дапамагчы глыбей прасякнуцца сэнсам Евангелля. Кожныя два тыдні над кантэнтам працуе іншы святар, што забяспечвае свежы погляд і разнастайнасць падыходаў.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by, catholicnews.by, pinskdiocese.by і ўласнай інфармацыі.
 

16 мая 2026, 08:03