Леў XIV падзякаваў “Œuvre d’Orient” за дапамогу Блізкаму Усходу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Юбілейныя ўрачыстасці прайшлі ў французскай сталіцы і сабралі іерархаў, валанцёраў і шматлікіх дабрачынцаў. Цэнтральнай падзеяй стала святая Імша ў базіліцы Нотр-Дам, якую ўзначаліў прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў кардынал Клаўдыё Гуджэроці.
Гэты момант стаў сімвалам трывалай сувязі паміж Касцёлам у Францыі і вернікамі ўсходніх абрадаў, якія жывуць у рэгіёнах, апаленых войнамі і грамадскай нестабільнасцю.
Дзейнасць арганізацыі ратуе хрысціянскую прысутнасць ад знікнення
У пасланні, падпісаным Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам П’етра Паралінам, Леў XIV назваў "Œuvre d’Orient" крыніцай неабходнай дапамогі. Пантыфік падкрэсліў, што штогадовая падтрымка сотняў праектаў – ад адукацыі дзяцей да падрыхтоўкі будучых святароў – дазваляе супольнасцям, якія адчуваюць сябе забытымі з прычыны канфліктаў, не губляць надзею.
Падчас гаміліі кардынал Клаўдыё Гуджэроці звярнуў увагу на складаны геапалітычны кантэкст. Ён прызнаў, што сённяшняя палітыка часта кіруецца выключна матэрыялістычнымі крытэрыямі, што нараджае ў людзей пачуццё адчаю. Прэфект дыкастэрыі асабліва вылучыў сітуацыю на Блізкім Усходзе, ва Украіне і ў раёне Афрыканскага Рога.
Хрысціяне маюць поўнае права жыць на сваёй зямлі
Паводле кардынала Гуджэроці, хрысціяне з’яўляюцца неад’емнай часткай Святой Зямлі і маюць поўнае права жыць на сваёй Радзіме, якая была і зямной айчынай Езуса Хрыста. Падтрымка іх права на існаванне – гэта не проста гуманітарная місія, а абарона самой ідэнтычнасці рэгіёна.
Гісторыя "Œuvre d’Orient", якая налічвае ўжо 170 гадоў, уражвае сваімі маштабамі. Сёння арганізацыя падтрымлівае 400 супольнасцей у 23 краінах свету. Дзякуючы шчодрасці 76 тысяч мецэнатаў і працы валанцёраў, Касцёл мае магчымасць рэалізоўваць больш за 1000 праектаў штогод, служачы людзям незалежна ад іх веравызнання ў часы вайны і міру.