Венецыя рыхтуецца да 1200-годдзя пераносу рэліквій святога Марка
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Рэліквіі апостала і евангеліста былі прывезены ў Венецыю з Александрыі ў 828 годзе. У наступным годзе пачалося будаўніцтва касцёла для іх захавання. На месцы гэтай старадаўняй святыні, якая не захавалася да нашага часу, сёння ўзвышаецца знакамітая Базіліка святога Марка.
Юбілейныя ўрачыстасці распачнуцца 8 кастрычніка 2027 года, у гадавіну пасвячэння венецыянскага сабора, і будуць працягвацца да 1 лютага 2029 года – дня, калі мясцовы Касцёл успамінае ў літургіі перанясенне рэліквій.
“Жадаю ўсім перажыць урачыстасці ў гонар святога Марка, евангеліста, апекуна Венецыі і рэгіёну Венета, адкрываючы нанова значэнне яго Евангелля”, - казаў арцыбіскуп Маралья падчас цэлебрацыі ў гонар апостала, якая прайшла 25 красавіка.
“Наша эпоха шмат у чым адрозніваецца ад той, у якую жыў святы Марк, але культурныя выклікі таксама і сёння заклікаюць да евангелізацыі ў нехрысціянскіх кантэкстах, увагі да чалавека, яго патрэб і ран, захоўваючы вернасць Хрысту”, - дадаваў іерарх.
Арцыбіскуп Маралья заўважыў, што святкаванне будзе ўключаць у сябе шмат малітоўных і культурных мерапрыемстваў. Важнай падзеяй Юбілею стане афіцыйнае абвяшчэнне святога Марка, апекуна Венецыі, таксама і апекуном усяго рэгіёну Венета, на што ўжо атрыманы дазвол ватыканскай Дыкастэрыі па справах кананізацыі.