Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Сустрэча моладзі, малітва за Папу, перэгрынацыя абраза – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Пінску праходзіць дыяцэзіяльная сустрэча моладзі. 9 мая 2026 года ў катэдральным касцёле спатканне распачынае духоўная канферэнцыя. Сустрэчу працягваюць набажэнствы, святая Імша, танцавальны вечар. А назаўтра моладзь вырушыць у пешую пілігрымку разам з іншымі яе ўдзельнікамі ў санктуарый у Лагішыне – да цудадзейнай іконы Маці Божай, галоўнай апякункі Пінскай дыяцэзіі з тытулам Каралевы Палесся.

У Мінску памаліліся за Льва XIV у першую гадавіну яго абрання Папам. 8 мая 2026 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў архікатэдральным касцёле ўзначаліў святую Імшу ў інтэнцыі Пантыфіка. Таксама ў архікатэдры адбылася Імша за Папу з удзелам Мінскага катэдральнага капітула святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай.

30-ю гадавіну смерці ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага адзначылі ў Альковічах на Вілейшчыне. Напярэдадні гадавіны смерці заслужана святара, першага рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, Генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі 7 мая 2026 года духавенства наведала яго родную парафію і месца пахавання на тэрыторыі касцёла. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў жалобную Імшу і благаславіў помнік на магіле ксяндза Кучынскага. У Імшы ўдзельнічалі таксама біскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Юры Касабуцкі, семінарыйная супольнасць.

На Гродзеншчыне працягваецца перэгрынацыя абраза Маці Міласэрнасці. 5 мая 2026 года парафія ў Васілішках на Шчучыншчыне сустракала копію іконы Маці Божай Вастрабрамскай ў межах перэгрынацыі, якая праводзіцца з нагоды 35-й гадавіны заснавання Гродзенскай дыяцэзіі. Разам з пробашчам і мясцовай супольнасцю абраз сустракаў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі падчас Імшы іерарх заахвоціў усіх прысутных даручыць Маці Божай усё тое, што ляжыць у іх на сэрцы, бо "кожная ласка з неба сыходзіць на зямлю праз рукі Марыі".

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by, pinskdiocese.by і ўласнай інфармацыі.
 

09 мая 2026, 08:22