Пошук

Біскуп Сітора Афонсу Біскуп Сітора Афонсу  

Святы Айцец спачувае ў сувязі з забойствам біскупа ў Мазамбіку

Леў XIV адчувае глыбокі смутак і спачуванне ў сувязі з забойствам мансеньёра Асорыу Сітора Афонсу, біскупа Келіманэ і апостальскага адміністратара Бейры ў Мазамбіку.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Як паведаміў кіраўнік Залы друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні ў Telegram-канале, Пантыфік з сумам даведаўся пра “цяжкі акт насілля”, у выніку якога загінуў біскуп Келіманэ і апостальскі адміністратар Бейры. У гэтую гадзіну смутку Папа, які цяпер знаходзіцца з апостальскім візітам у Іспаніі, далучаецца да малітвы вернікаў гэтых дыяцэзій і ўсяго народа Мазамбіка, просячы Пана даць людзям суцяшэнне, агарнуць кожнага чалавека сваёй любоўю і спыніць руку злачынца.

Трагедыя адбылася ў рэзідэнцыі біскупа ў Келіманэ, дзе 7 чэрвеня 2026 года было знойдзена цела іерарха. Паводле прадстаўнікоў Нацыянальнай службы крымінальных расследаванняў Мазамбіка, біскуп Сітора Афонсу быў смяротна паранены некалькімі стрэламі ў грудзі і сэрца. Следства пакуль не ўстанавіла матывы і абставіны жудаснага злачынства.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Мазамбіка, арцыбіскуп Нампулы мансеньёр Інасіу Саурэ, ад імя мясцовага Касцёла выказаў спачуванні ў сувязі з трагічнай смерці біскупа і заклікаў да веры і братэрскай салідарнасці ў гэты цяжкі час.

Мансеньёр Сітора Афонсу быў генеральным сакратаром Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Мазамбіка, у 2017–2023 працаваў у Секцыі па справах першай евангелізацыі і новых мясцовых Касцёлаў Дыкастэрыі па евангелізацыі.

Прэзідэнт Мазамбіка Даніэль Франсішку Шапу выказаў спачуванні ў сувязі з гібеллю біскупа, адзначыўшы, што гэтая страта стала непапраўнай не толькі для хрысціянскай супольнасці, але і для ўсёй краіны.

07 чэрвеня 2026, 11:45