Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер  (TU ZGN)

Папскі пасланнік у Каўнасе на юбілеі мітраполіі

У Каўнасе з удзелам спецыяльнага папскага пасланніка арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера адзначаць 100-гадовы юбілей заснавання касцельнай правінцыі Літвы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Каталіцкі Касцёл у Літве рыхтуецца да знакавай гістарычнай вехі. 27 чэрвеня 2026 года ў Каўнасе адбудуцца галоўныя ўрачыстасці да 100-годдзя з дня заснавання літоўскай касцельнай правінцыі.

Спецыяльным пасланнікам Папы Льва XIV на гэтую падзею прызначаны арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, шматгадовы сакратар Святога Пасада па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Высокі госць выступіць з дакладам на тэматычнай канферэнцыі і ўзначаліць урачыстую Імшу ў каўнаскай архікатэдральнай базіліцы. Разам з ім маліцца і дзякаваць Богу будуць апостальскі нунцый у краінах Балтыі арцыбіскуп Георг Генсвайн, літоўскія біскупы, іерархі, духавенства і вернікі з суседніх краін.

Гэты юбілей вяртае да падзей 1926 года, калі Папа Пій XI булай "Lituanorum gente" зацвердзіў праект новай касцельнай структуры. Да гэтага часу мясцовыя парафіі падпарадкоўваліся замежным мітраполіям, што вельмі ўскладняла адміністраванне і душпастырства.

Распрацоўкай маштабнай рэформы займаўся благаслаўлёны арцыбіскуп Юрый Матулевіч, які тады выконваў абавязкі апостальскага візітатара. Гэтае рашэнне дало магутны штуршок для рэлігійнага жыцця, спрыяла ўмацаванню сувязей са Святым Пасадам і падпісанню канкардата. Значна пазней, у 1991 годзе, святы Ян Павел II рэарганізаваў структуру, падзяліўшы яе на Каўнаскую і Віленскую метраполіі.

Святкаванне ў Каўнасе ахопіць цэлы тыдзень з 24 па 29 чэрвеня 2026 года. Праграма прадугледжвае каля ста розных сустрэч у межах адмысловых "Місій горада".

Арганізатары падкрэсліваюць, што гэтыя мерапрыемствы закліканы стаць часам, які "ўзбагачае, дорыць надзею і радасць". Адной з галоўных падзей стане бесперапынная 100-гадзінная малітва адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў архікатэдральнай базіліцы Каўнаса.
 

25 чэрвеня 2026, 09:58