Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Іспанія: епіскапат нагадаў пра маральныя ўмовы прыняцця Камуніі

Удзел у Эўхарыстыі патрабуе глыбокай духоўнай падрыхтоўкі, малітвы і рахунку сумлення, адзначыў у пастырскім лісце старшыня Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі арцыбіскуп Луіс Аргуэлья.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У пастырскім звароце, які пабачыў свет 1 чэрвеня 2026 года, арцыбіскуп Вальядаліда звяртае ўвагу на тое, што Каталіцкі Касцёл у паслявялікодны час асабліва настойліва нагадвае вернікам пра цэнтральнае значэнне нядзелі і Найсвяцейшага Сакрамэнту.

З нагоды святкавання Нядзелі Найсвяцейшай Тройцы і ўрачыстасці Божага Цела іерарх падкрэслівае, што Эўхарыстыя з'яўляецца ахвярай, гасцінай і рэальнай прысутнасцю Хрыста, а таксама заклікам да супольнага жыцця і місіі

Крытэрыі годнага прыняцця Святой Камуніі

Старшыня епіскапату заўважае, што сустрэча з Хрыстом патрабуе належнай унутранай працы, якая ўключае малітву, разважанне над літургічнымі чытаннямі і рахунак свайго сумлення. Ён таксама адзначае важнасць сакрамэнту пакаяння як неабходнага шляху да поўнага ўдзелу ў Святой Камуніі, бо грахоўны стан ці адкрытая абарона антыхрысціянскіх поглядаў робяць немагчымым прыступленне да алтара без шчырага навяртання.

"Калі наша сітуацыя ці жыццёвы стан несумяшчальныя з поўнай камуніяй з Панам і Яго Касцёлам у выніку ўдзелу ў грэшным саюзе, у злоўжываннях у адносінах да іншых людзей – ці то ў эканамічнай, прафесійнай, ці то ў псіхалагічнай або эмацыянальнай сферы – або ў выніку публічнай абароны пазіцыі, якая супярэчыць хрысціянскай маралі, мы не можам прыступіць да Камуніі без рашучага рашэння змяніць жыццё і выправіць шкоду, прычыненую нашай грэшнай сітуацыяй", - заяўляе арцыбіскуп Аргуэлья.

Становішча вернікаў у новых саюзах

Асобна кіраўнік Канферэнцыі Біскупаў спыняецца на лёсе людзей, чые саюзы распаліся, а самі яны стварылі новыя сем'і. Тэкст ліста нагадвае, што такія вернікі застаюцца часткай касцельнай супольнасці, могуць удзельнічаць у літургіі і многіх іншых сферах жыцця Касцёла, аднак разрыў сакрамэнтальнага саюзу Запавету не дазваляе ім прымаць Камунію.

Іерарх перакананы, што боль ад гэтай немагчымасці павінен абуджаць у іх сэрцах жаданне шукаць выйсце, якое будзе паважаць сутнасць абодвух сакрамэнтаў – як Сужэнства, так і Эўхарыстыі.

На заканчэнне арцыбіскуп звяртае ўвагу на патрэбу перажываць сустрэчу з Богам у атмасферы цішыні, адарацыі і адзінства, каб потым пераносіць яе плён у будні праз прабачэнне і клопат пра агульнае дабро.

Сёлетнія ўрачыстасці Божага Цела, якія пройдуць у Іспаніі ў нядзелю з удзелам Святога Айца, лічыць арцыбіскуп Аргуэлья, павінны стаць для краіны выдатнай нагодай для абнаўлення вернасці "Таямніцы веры" і чакання другога прыйсця Хрыста.
 

05 чэрвеня 2026, 10:59