Венесуэла: Папа падтрымаў пацярпелых ад землятрусу
Марыя Валодзіна – Vatican News
У размове з журналісткай Vatican News Франчэскай Сабацінэлі арцыбіскуп Рауль Біёрд Кастыльё распавёў аб тым, што Пантыфік азнаёміўся з паведамленнямі і відэаматэрыяламі пра наступствы землятрусу і асабіста накіраваў яму і Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Венесуэлы лісты падтрымкі. Грашовая дапамога Святога Пасада была перададзена кіраўніцтву мясцовага Касцёла праз Апостальскую элемазінарыю.
Самы магутны ў гісторыі Венесуэлы землятрус адбыўся ўвечары 24 чэрвеня 2026 года. Найбольшыя разбурэнні і чалавечыя страты зафіксаваны ў прыбярэжным штаце Ла-Гуайра, бліз Каракаса.
Па словах іерарха, поўны маштаб разбурэнняў яшчэ немагчыма цалкам ацаніць. Дакладная колькасць загінулых і зніклых без вестак пакуль невядомая. Паводле папярэдніх звестак, цалкам абрынуліся больш за 300 будынкаў. Многія іншыя, у тым ліку каталіцкія семінарыі і школы, сталі непрыдатнымі для выкарыстання. Эканамічны крызіс і знешняя запазычанасць краіны значна ўскладняюць сітуацыю.
Арцыбіскуп Кастыльё высока ацаніў працу выратавальнікаў, якія без перапынку разбіраюць завалы ў пошуках людзей. Ён назваў сапраўдным цудам выратаванне трох чалавек, якіх дасталі жывымі з-пад руін дома ў Ла-Гуайры. У Венесуэлу ўжо прыбываюць міжнародныя выратавальныя каманды, з краін ЕС, ЗША, Мексікі і Лацінскай Амерыкі.
Сітуацыя ў пацярпелых раёнах застаецца складанай. Людзі начуюць на вуліцах і плошчах, у Ла-Гуайры адсутнічаюць электрычнасць і водазабеспячэнне, пачынае не хапаць прадуктаў харчавання. Касцёл і структуры “Карытас” распачалі збор прадуктаў і іншых прадметаў першай неабходнасці для пацярпелых: людзі ідуць у парафіі нават па хлеб і ваду.
У Каракасе пашкоджаны не менш за 30 парафіяльных касцёлаў. Спецыялісты вызначаюць, якія будынкі можна аднавіць Падчас землятрусу многія вернікі знаходзіліся ў касцёлах, дзе адзначалася ўрачыстасць святога Яна Хрысціцеля. Пацярпелых сярод іх няма, як і сярод святароў, семінарыстаў, кансэкраваных асоб і дыяканаў.
Па словах арцыбіскупа Кастыльё, галоўным прыярытэтам цяпер застаецца матэрыяльная і духоўная дапамога людзям, якія пацярпелі ад стыхіі. Пасля завяршэння выратавальных работ асноўнай задачай стане аднаўленне жылля, школ, парафій і ўсёй краіны.