Кардынал Піцабала: праца з моладдзю – шлях да міру
Аляксандр Панчанка – Vatican News
11 ліпеня 2026 года ў італьянскай Норчы Лацінскі Патрыярх Іерусаліма атрымаў Міжнародную прэмію святога Бэнэдыкта, якая ўручаецца муніцыпалітэтам гэтага горада пад патранатам Еўрапейскага парламента і Еўрапейскай камісіі.
Кардынал П’ербатыста Піцабала быў адзначаны за намаганні ў справе аднаўлення міру на Блізкім Усходзе. Ён стаў першым атрымальнікам гэтай узнагароды, заснаванай як знак аднаўлення і імкнення да міру ў дзясятую гадавіну разбуральнага землятрусу, які прынёс сур’ёзныя страты Норчы – роднаму гораду святога Бэнэдыкта Нурсійскага.
Падчас цырымоніі ўручэння прэміі кардынал Піцабала распавёў пра трагічную сітуацыю ў рэгіёне, дзе ён служыць. “Мы таксама перажылі землятрус. Восемдзесят працэнтаў дамоў у сектары Газа разбураны. Інфраструктура і грамадскае жыццё знішчаны. Цяпер асноўныя штуршкі мінулі, але наступствы ўсё яшчэ адчуваюцца”, - сказаў ён.
Іерарх папярэдзіў, што спробы стварыць новую геапалітычную раўнавагу з дапамогай ваеннай сілы – гэта шлях, асуджаны на няўдачу. На яго думку, сапраўдны мір патрабуе доўгага і цярплівага дыялогу на ўзроўні грамадстваў, а не толькі паміж палітычнымі элітамі.
Кардынал падкрэсліў, што асаблівы акцэнт трэба рабіць на працы з моладдзю і выхаванні культуры міру. У гэтым кантэксце ён распавёў пра два прыклады, якія даюць надзею:
“У чэрвені я быў ва Універсітэце Газы. У сустрэчы бралі ўдзел 600 студэнтаў. Многія задавалі пытанні. Адзін са студэнтаў нават падрыхтаваў сваё пытанне на лацінскай мове. Усе яны выразна выказалі адмаўленне гвалту. Падобнае я перажыў і ў Ізраілі, куды мяне запрасілі на канферэнцыю па пытаннях міру з удзелам вялікай колькасці маладых людзей. Яны казалі, што неабходна перагарнуць старонку і будаваць трывалы мір”, - падзяліўся Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.