Пошук

Круглы стол па дабрачыннасці, арганізаваны Дыкастэрыяй па міласэрным служэнні Круглы стол па дабрачыннасці, арганізаваны Дыкастэрыяй па міласэрным служэнні  

У Рыме пачала працу Рабочая група па дабрачыннасці

7 ліпеня 2026 года ў Рыме адбылося першае пасяджэнне Рабочай групы па дабрачыннасці, арганізаванае Дыкастэрыяй па міласэрным служэнні ў супрацоўніцтве з Рымскай дыяцэзіяй. Ініцыятары імкнуцца перайсці ад аднаразовай дапамогі да сістэмнай і працяглай падтрымкі найбольш уразлівых.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сустрэча прайшла ў будынку Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і сабрала прадстаўнікоў каталіцкіх дабрачынных структур, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Рыма. Асноўная мэта – наладзіць больш зладжаную дапамогу людзям у патрэбе.

Сярод дабрачынных арганізацый былі прадстаўлены “Карытас”, “Migrantes”, дыяцэзіяльны офіс місіянерскага супрацоўніцтва паміж Касцёламі, цэнтр “Astalli”, Мальтыйскі ордэн, супольнасць святога Эгідзія, місіянеры Ордэна святога Вінцэнта дэ Поля, камбаніяне, скалабрыніяне, свецкія аб’яднанні Рымскай дыяцэзіі, Італьянская асацыяцыя хрысціянскіх работнікаў (ACLI), місіянеркі Міласэрнасці Маці Тэрэзы з Калькуты і кантэмплятыўныя браты.

Сустрэча новай сеткі па дабрачыннасці ў Рыме
Сустрэча новай сеткі па дабрачыннасці ў Рыме

Сустрэчу адкрыў генеральны вікарый Рымскай дыяцэзіі кардынал Бальдасарэ Рэйна, які падкрэсліў значэнне ініцыятывы для служэння бедным і важнасць супрацоўніцтва паміж рознымі касцёльнымі структурамі. Ад імя Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека ўдзельнікаў круглага стала прывітаў кардынал-прэфект Майкл Чэрны. Ён звярнуў увагу на цесную сувязь паміж міласэрным служэннем і служэннем усебаковаму развіццю чалавека, адзначыўшы, што абодва кірункі служаць абароне годнасці.

Арцыбіскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін, прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, патлумачыў, што новая ініцыятыва павінна стаць канкрэтным знакам сінадальнасці – сумеснага і братэрскага шляху супрацоўніцтва дзеля агульнага дабра. Хуткія сацыяльныя змены, цяжкасці, з якімі сутыкаюцца тыя, хто клапоціцца пра людзей з псіхічнымі захворваннямі, заклікаюць да сумеснай працы як адзінай касцёльнай структуры, - падкрэсліў ён.

Круглы стол па дабрачыннасці ў Рыме
Круглы стол па дабрачыннасці ў Рыме

Іерарх вылучыў некалькі галоўных накірункаў працы. Першы – сумесная адказнасць, пры якой кожная структура захоўвае ўласную спецыфіку, не дублюе працу іншых, але ўключаецца ў агульнае служэнне. Другі – развіццё сінэргіі паміж касцёльнымі ініцыятывамі з дапамогай абмену інфармацыяй, вопытам і навыкамі. Трэці кірунак – суправаджэнне, стварэнне адзінай касцёльнай платформы міласэрнага служэння, якая будзе аб’ядноўваць усе бакі незалежна ад іх пастырскага або юрыдычнага статусу. Пры гэтым Дыкастэрыя па міласэрным служэнні імкнецца спрыяць дыялогу, суправаджаць і служыць таму, што будзе здзяйсняць Святы Дух праз супольны ўклад усіх удзельнікаў.

Мэта Рабочай групы – стварыць тэрытарыяльную сетку, здольную не проста адказваць на тэрміновыя патрэбы людзей, але суправаджаць іх на жыццёвым шляху. Гаворка ідзе пра мадэль дапамогі, якая аб’ядноўвае слуханне, матэрыяльную падтрымку, медыцынскую дапамогу, адукацыйныя праграмы, садзейнічанне працаўладкаванню і духоўнае суправаджэнне.

09 ліпеня 2026, 12:49