Касцёл у Чэхіі і ўлады пашыраць працу капеланаў у турмах
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Чэшскай Рэспубліцы Пенітэнцыярная служба заключыла новую дамову з каталіцкім епіскапатам і Экуменічнай Радай Цэркваў. Гэты дакумент накіраваны на развіццё душпастырскай апекі ў месцах пазбаўлення волі.
На сённяшні дзень у гэтай сферы працуюць 60 капеланаў і 200 валанцёраў. Яны нясуць служэнне ва ўсіх чэшскіх турмах і следчых ізалятарах. Генеральны дырэктар ведамства назваў гэта важным элементам падтрымкі асабістай змены і рэсацыялізацыі зняволеных.
Сёння прысутнасць духавенства і валанцёраў – неад’емная частка працы з асобамі, якія адбываюць пакаранне. Кіраўнік Пенітэнцыярнай службы генерал Томаш Гулька асабліва падкрэсліў каштоўнасць гэтага служэння. Ён адзначыў, што капеланы "дапамагаюць зняволеным знайсці новы кірунак у цяжкай сітуацыі, умацаваць пачуццё адказнасці і падрыхтавацца да вяртання да нармальнага жыцця".
Ад імя рэлігійных супольнасцей пагадненне падпісалі старшыня каталіцкага епіскапату Чэхіі арцыбіскуп Юзэф Нузік і кіраўнік мясцовай Экуменічнай Рады Цэркваў пастар Павел Пакорны.
Духоўная апека ў межах падпісанай дамовы будзе ахопліваць не толькі асуджаных. Касцельныя лідары нагадалі, што служэннем душпастыраў карыстаюцца таксама і самі супрацоўнікі турэмнай службы. Капеланы дапамагаюць афіцэрам у вырашэнні іх асабістых і экзістэнцыяльных праблем. Супрацоўнікі заўсёды могуць разлічваць на падтрымку ў складаных духоўных, этычных і маральных пытаннях.